Другакласнікі праграмуюць у Scratch  

- 8:15ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Факультатыўныя заняткі “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch” у сярэдняй школе № 5 Смаргоні наведвае ўжо трэцяе пакаленне навучэнцаў пачатковых класаў.

Кожны раз, набіраючы новы курс, вельмі хвалююся, ці зацікавяцца мае выхаванцы факультатывам; магчыма, ім будзе сумна і нецікава. Але зараз з упэўненасцю магу сказаць, што ўсе хваляванні засталіся ў мінулым. Другакласнікам Scratch не проста спадабаўся, яны ў захапленні!

Мэтай адукацыйнага праекта “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” з’яўляецца фарміраванне і развіццё ў школьнікаў алгарытмічнага і лагічнага мыслення, навыкаў, запатрабаваных у XXI стагоддзі. Гэта базавыя навыкі праграмавання, навыкі камунікацыі і працы ў камандзе.

Наша каманда вучняў 2 “В” класа складаецца з пяці хлопчыкаў і чатырох дзяўчынак. На першым занятку мы пазнаёміліся з коцікам Царапкай і яго памочнікамі – скрыптамі, фонам, сцэнай, рознакаляровымі блокамі-камандамі. Працуючы ў Scratch, практычна немагчыма памыліцца, таму ў вучняў не было страху перад заданнямі. Няма неабходнасці завучваць на памяць словы, пісаць без памылак, выконваць складаныя алгарытмы.

Першы праект “Падводны свет” дзеці сабралі пры дапамозе мышкі з гатовых блокаў. Так, спачатку вучні працавалі па дадзеным ўзоры. Але потым на экранах камп’ютараў пачалі з’яўляцца дзіўныя гісторыі, у якіх рыбкі рухаюцца, даганяюць адна адну, вітаюцца, нават спяваюць.

Імкнуся падтрымліваць цікавасць зменай розных відаў дзейнасці, рыхтую шмат каляровай нагляднасці, інструкцыі, прыдумляю займальныя гульні. Вядома, большасць дзяцей, якія вывучаюць Scratch, не стануць потым праграмістамі. Але навучанне праграмаванню прынясе ім карысць: яно спрыяе больш поўнаму творчаму самавыяўленню, неацэнна для развіцця лагічнага мыслення і дазваляе лепш разумець, як працуюць новыя тэхналогіі, якія акружаюць нас у паўсядзённым жыцці.

У нашай камандзе таксама і бацькі навучэнцаў. Амаль ніхто з іх не ведаў пра Scratch, таму было вырашана ўсталяваць праграму на дамашніх камп’ютарах і працаваць разам. Scratch стаў агульнай сямейнай справай.

Мы глядзім у адным кірунку, аб’ядноўваем намаганні. Мы аднадумцы, і разам ідзем да новых ідэй і праектаў. Вынаходзім, прыдумляем, творым. Мы – крэатыўшчыкі!

 

Таццяна МУСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 5 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий