Самарэалізацыя педагога – што гэта?  

- 10:45ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Клайшанскай базавай школе Воранаўскага раёна пачаў рэалізацыю рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі развіцця гатоўнасці педагога да прафесійнай самарэалізацыі ў інтэграванай адукацыйна-прафесійнай прасторы”, разлічаны на 2021–2024 гады.

Навуковым кансультантам праекта з’яўляецца Святлана Сяргейка, рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, чыя аўтарская мадэль развіцця гатоўнасці педагога да прафесійнай самарэалізацыі пакладзена ў аснову праекта.

На час дзеяння праекта ва ўстанове адукацыі арганізавана работа пастаянна дзеючага семінара “Прафесійнае самаўдасканаленне педагога”, першае пасяджэнне якога “Самарэалізацыя педагога – што гэта?” адбылося 21 верасня.

У пачатку семінара педагогі адказвалі на пытанне, што такое самарэалізацыя наогул? З гэтай мэтай звярнуліся да піраміды псіхолага Абрахама Маслоу, дзе самарэалізацыя знаходзіцца на вяршыні піраміды патрэбаў.

На наступным этапе педагогі выкарыстоўвалі методыку “Кола жыццёвага балансу” Пола Дж.Меера. Дзякуючы гэтаму інструменту настаўнікі наглядна адлюстравалі свае моцныя і слабыя бакі ў васьмі сферах жыцця на пэўны момант, узялі для сябе на кантроль сферу з самымі нізкімі баламі, бо інтэрпрэтацыя методыкі гаворыць пра тое, што ў развіцці сфер жыцця асобы не павінна быць дысгармоніі.

Больш падрабязна педагогі прапрацавалі паняцце “прафесійная самарэалізацыя”. Навуковы кансультант праекта С.А.Сяргейка прапануе разумець пад прафесійнай самарэалізацыяй персанальную стратэгію прафесійнай дзейнасці педагога, удасканалення яго асобасных якасцей, развіцця прафесійных кампетэнцый, якая выбудоўваецца на аснове самапазнання, самаідэнтыфікацыі, самаарганізацыі.

Далей настаўнікі з дапамогай вельмі цікавай праектыўнай методыкі “Дрэвы” выявілі матывы прафесійнай дзейнасці. Дыягностыка паказала, што пераважнымі матывамі для 82 % педагогаў з’яўляюцца матыў самаўдасканалення, усведамлення сваіх ідэалаў, каштоўнасцей, патрэбы і імкнення адпавядаць ідэалу і матыву зносін, патрэба душэўнай блізкасці і пабудовы сяброўскіх сувязей.

Значыць, тэма інавацыйнага праекта для педагагічнага калектыву Клайшанскай базавай школы вельмі актуальная. Застаецца пажадаць паважаным калегам поспехаў у далейшай прафесійнай самарэалізацыі.

 

Алена МІКША,
дырэктар Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий