Цёплымі словамі, паштоўкамі і сувенірамі, зробленымі сваімі рукамі, павіншавалі настаўнікаў-пенсіянераў Яніну Пяткевіч і Юрыя Махнача вучні 9 “А” класа сярэдняй школы № 5. Усмешкі, шчырыя словы ў адказ – найлепшая падзяка за добрыя справы.
Прафесійнае свята настаўнікаў – добрая нагода сказаць словы ўдзячнасці тым, хто сёння працуе, і тым, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Бо настаўнікі, як вядома, былымі не бываюць.
Падчас гутаркі Яніна Пятроўна адзначыла, што педагог – прафесія складаная, шматгранная, якая патрабуе пастаяннага творчага гарэння, самаўдасканалення, душэўных сіл і намагання. Затое ва ўзнагароду – мяккае святло чыстых дзіцячых вачэй, цеплыня, даверлівасць, удзячныя словы выпускнікоў. І задаволенасць вынікамі сваёй працы, усведамленне правільнасці абранай прафесіі.
– Вядома, галоўная заслуга настаўніка – у дасягненнях дзяцей, – падзяліўся разважаннямі Юрый Генрыхавіч. – Гэта вялікая радасць, бо ў вучня мы ўкладваем душу, веды, час.
На пытанне вучняў пра тое, ці не пашкадавалі пра выбар прафесіі, Яніна Пятроўна пераканана адказала:
– Ведаеце, калі задаюся пытаннем, кім магла б быць, акрамя як педагогам, то не знаходжу іншых варыянтаў. Разумею, што ў іншай прафесіі не змагла б сябе настолькі праявіць.
Напрыканцы гутаркі і Юрый Генрыхавіч, і Яніна Пятроўна зазначылі, што пры сустрэчы з іншымі сваімі калегамі-пенсіянерамі не здзіўляюцца, чаму яны добра выглядаюць, бадзёрыя і аптымістычныя. Таму што ўсё жыццё працавалі з дзецьмі! А гэта добрая энергетычная падсілкоўка. З дзецьмі не засумуеш!
Таццяна ВАСІЛЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 9 “А” класа
сярэдняй школы № 5 Смаргоні