Паспяховы старт маладых настаўнікаў Святланы ВОЙШЭЛЬ і Кацярыны ЖВАЛЕЎСКАЙ

- 13:07Персона

Маладыя педагогі Бераставіцкага раёна Святлана Войшэль і Кацярына Жвалеўская, нягледзячы на невялікі педагагічны стаж, змаглі дабіцца вялікіх поспехаў у сваёй прафесійнай дзейнасці.

Сучасны настаўнік, на якога ўскладзена ганаровая, цяжкая місія па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, павінен знайсці такія формы і метады работы, каб зацікавіць і павесці за сабой вучняў, а дзеля гэтага патрэбна ведаць іх інтарэсы, быць з імі на адной хвалі.

Здольнасць рухацца ўперад, укараняць сучасныя інфармацыйныя і інавацыйныя тэхналогіі ўплывае на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка, ад якой шмат у чым залежыць яго далейшы лёс і кар’ера. Немалаважную ролю пры гэтым адыгрывае эфектыўна наладжаная ў школе метадычная падтымка з боку адміністрацыі і старэйшых калег. Важна захаваць такую пераемнасць, каб набыткі, якія накоплены метадычнай службай, былі запатрабаваны моладдзю і ўкараняліся ў адукацыйным працэсе. А асабістае жаданне працягваць самаадукацыю і парады вопытных педагогаў здольны прывесці да якасных вынікаў і выдатных рэзультатаў.

Партфоліо Святланы Войшэль, нягледзячы на невялікі працоўны стаж, ужо ўтрымлівае нямала яскравых старонак. Пасля заканчэння ўніверсітэта яна вярнулася на сваю малую радзіму – Бераставіччыну. Чатыры гады назад перад ёю ветліва расчыніліся дзверы Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы, куды яна прыйшла працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Настаўніцкае крэда Святланы Анатольеўны – добразычлівасць у адносінах да вучняў, без гэтага не будзе агульных памкненняў; упэўненасць ва ўласных сілах, вера ў сваіх вучняў; шчырасць, якая дапамагае адкрываць нязведаны свет сэрцаў іншых і самой станавіцца лепшай; адказнасць за сваю працу і за дзяцей, якія вераць у цябе.

Чатыры гады работы маладога педагога былі насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі: яна прыняла ўдзел у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”; IX рэспубліканскім фестывалі педагагічных ідэй “Прызванне – педагог”, у якім яе педагагічны лайфхак па выніках галасавання заняў першае месца; была слухачом віртуальнай школы маладога педагога, што дзейнічала на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Працоўны стаж быццам бы і невялікі, а колькі ўсяго паспела зрабіць за гэты час таленавітая маладая дзяўчына. Пералік яе дасягненняў не абмяжоўваецца рамкамі агульнапрынятых настаўніцкіх абавязкаў – павышэнне кваліфікацыі і ўдзел у рабоце метадычных аб’яднанняў школы і раёна, падрыхтоўка алімпіяднікаў, арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці з вучнямі. Педагагічная скарбонка поўніцца з кожным годам, і пазайздросціць ёй можа і больш вопытны педагог. У ёй – адзначаныя дыпломамі розных ступеняў вучнёўскія сачыненні і вершы, малюнкі і фотаработы, падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам ініцыятыўнага настаўніка, відэаролік, макет інфармацыйнага знака, сцікерпак, буклет, ёлачныя цацкі, выдуманая легенда.

Дарэчы, Святлана Анатольеўна ўдала спалучае мабільны тэлефон і адукацыйны працэс. У яе ёсць вопыт работы па выкарыстанні QR-кодаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры. А яшчэ яна арганізуе дзейнасць валанцёрскага і студатрадаў. Акрамя таго, настаўніца актыўна трансліруе свой вопыт, у тым ліку на старонках раённай і рэспубліканскай газет. Адміністрацыя заўважае і цэніць стараннасць маладога педагога: за добрасумленную працу, ініцыятыву і прафесіяналізм Святлана Анатольеўна ў 2019 годзе была ўзнагароджана граматай аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама, занесена ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. У гэтым годзе праца настаўніцы адзначана граматай Бераставіцкага райвыканкама. А з першага верасня гэтага навучальнага года Святлана Анатольеўна працуе намеснікам дырэктара па асноўнай дзейнасці.

Насычаная і плённая работа Святланы Войшэль была высока ацэнена і на абласным узроўні. У 2020 годзе яна стала лаўрэатам штогадовай прэміі грамадскіх арганізацый “Паспяховы старт”, якая прысуджаецца маладым педагогам сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці за ўнесены імі ўклад у развіццё ўстановы адукацыі і сістэмы адукацыі рэгіёна, а таксама тым, хто займае актыўную жыццёвую і грамадскую пазіцыю. Удзел у конкурсе могуць прыняць настаўнікі і выхавальнікі, якія маюць стаж работы да трох гадоў.

 

У гэтым годзе па рашэнні аддзела адукацыі на абласную прэмію будзе прэтэндаваць малады педагог Макараўскага ясляў-сада  – сярэдняй школы Кацярына Жвалеўская. У 2019 годзе Кацярына Уладзіміраўна вярнулася ў сваю родную школу, каб выкладаць дзецям хімію і біялогію. Словы рускага класіка Льва Талстога асвятляюць яе педагагічны шлях: “Выкладанне – гэта мастацтва, таму дасканаласць недасяжная, а ўдасканаленне – бясконцае”.

І хоць працоўны стаж маладой настаўніцы складае толькі два гады, яна ўпэўнена заявіла пра сябе. Прайшла віртуальную школу і павысіла кваліфікацыю ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Падрыхтаваныя ёю вучні паспяхова выступаюць на алімпіядах па хіміі і біялогіі, дыпломамі адзначаны работы яе вучняў на навукова-практычных канферэнцыях.

На рахунку Кацярыны Жвалеўскай прызавыя месцы ў шматлікіх творчых конкурсах, на якіх былі прадстаўлены ўласныя і сумесныя з вучнямі работы – фотаздымкі, дэкаратыўна-прыкладныя вырабы, фларыстычныя работы і інш. А яшчэ Кацярына Уладзіміраўна з’яўляецца класным кіраўніком, адначасова курыруе дзейнасць маладзёжных арганізацый. У раённых конкурсах акцябраты і піянеры Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы займаюць прызавыя месцы. Свой вопыт яна ўжо трансліруе ў сродках масавай інфармацыі.

Гледзячы на Святлану Войшэль і Кацярыну Жвалеўскую, з упэўненасцю можна сказаць, што іх старт у педагогіцы быў удалы: яны добра зарэкамендавалі сябе ў калектывах, змаглі знайсці падыход да вучняў і раскрыць свае таленты ў творчых конкурсах. Іх актыўная педагагічная дзейнасць і грамадская пазіцыя садзейнічаюць прафесійнаму росту, спрыяюць павышэнню аўтарытэта. Педагогі карыстаюцца заслужанай павагай сярод калег, вучняў і іх бацькоў. Застаецца толькі пажадаць, каб работа прыносіла задавальненне, множыліся ініцыятывы і не згасаў агеньчык цікаўнасці ў вачах вучняў.

 

Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ,
загадчык Береставіцкага метадычага кабінета 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий