Выстава робатаў у Мінску здзівіла і захапіла смаргонскіх школьнікаў  

- 9:13ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У нядзелю 10 кастрычніка навучэнцы сярэдняй школы № 7 Смаргоні наведалі ўнікальную выставу робатаў у мінскім гандлёвым цэнтры “Акіян”.

Раніцай дзеці змаглі прачнуцца без будзільнікаў. А ўсё таму, што іх чакала займальная паездка ў Мінск на цікавую выставу.  

Яны з нецярпеннем чакалі сустрэчы з тымі, хто ў хуткай будучыні зможа замяніць чалавека ў некаторых сферах працоўнай дзейнасці. Многія з вучняў пра такое толькі чыталі ў кніжках ці глядзелі ў фільмах, а тут прадстаўлялася выдатная магчымасць убачыць гэта на ўласныя вочы, а, магчыма, нават і дакрануцца да робатаў, якія ўпершыню былі прадстаўлены ў Беларусі. Адным словам, чаканняў было звышдастаткова, і выдатна, што ўсе яны спраўдзіліся.

На пляцоўцы, дзе праходзіла выстава, панавала атмасфера свята і весялосці. Спачатку для дзяцей была праведзена невялікая экскурсія, гіды распавядалі пра робатаў-памагатых у той ці іншай сферы чалавечага жыцця. Нам нагадалі, якая цяжкая праца бармэна або афіцыянта, яны вымушаны цэлы дзень праводзіць на нагах. А калі на іх месца паставіць робата, які можа прыгатаваць любы кактэйль, ці шустрага механічнага памочніка, які паднясе замоўленую вамі страву і прыбярэ талеркі са стала? Думаеце, такое цяжка ўвасобіць у рэальнасць? Зусім не, і мы пераканаліся ў гэтым на практыцы.

Для тых, хто марыць пра хатніх гадаванцаў, але не можа іх сабе дазволіць, таксама прыдумалі выдатнае рашэнне. Робасабачка Айба, якая здольная выконваць каманды, можа ў нейкай меры замяніць вам чатырохногага сябра. А вось велізарная плаваючая электрарыба ў акварыуме заваявала сэрцы многіх наведвальнікаў выставы. Можна смела заводзіць такога гадаванца і не перажываць, што яго не будзе каму пакарміць, калі вы едзеце ў працяглую паездку.

Любіце пагаварыць, але побач няма кампаньёна? Сарамлівы робат Рыці зможа скласці вам нядрэнную кампанію і цалкам падтрымаць размову. Дзеці задалі яму некалькі пытанняў і атрымалі на іх прыдатныя адказы. Складвалася такое пачуццё, што балбочаш не з механічнай істотай, а з дружбаком: усё гэта было весела, лёгка і нязмушана.

Ці можна было ўявіць некалькі гадоў таму, што робат будзе маляваць? Тое, што нам прадэманстравалі некаторыя экспанаты на выставе, – сапраўдны цуд: малюнкі, выкананыя ручкай і фарбамі, можна смела назваць творам мастацтва.

Усяго на выставе было прадстаўлена 85 робатаў: хтосьці быў вышэй за чалавечы рост, а некаторыя настолькі мініяцюрнымі, што змяшчаліся нават на чалавечай далоні. Але кожны з іх выдатна спраўляўся са сваёй уласнай задачай.

Цырк робатаў можна акрэсліць як кульмінацыю гэтай выставы. Калі дзясяткі робатаў пад рытмічную музыку сталі выконваць розныя танцавальныя трукі, а некаторыя з іх нават станавіцца на галаву і працягваць выконваць нагамі танцавальныя па, было сапраўды цяжка выстаяць на месцы і не далучыцца да гэтай запальнай трупы.

Не забыліся арганізатары выставы і пра майстар-класы. Хлапчукі і дзяўчынкі маглі пры дапамозе 3D-ручкі стварыць сапраўдныя шэдэўры, сабраць кішэннага робата Мульцібота, а таксама стварыць васковую скульптуру сваёй рукі. Апошні прапанаваны занятак карыстаўся асаблівай папулярнасцю: менавіта да гэтага стэнда сабралася самая доўгая чарга. Мы з маімі выхаванцамі таксама не выпусцілі магчымасць прывезці з гэтай паездкі такія незвычайныя сувеніры.

Выстава падышла да канца, але эмоцыі і яркія ўражанні, упэўнена, надоўга захаваюцца ў сэрцах школьнікаў. А гэта так выдатна, калі бачыш зацікаўленыя вочы сваіх вучняў, бо ў сучасным свеце ўжо вельмі складана чымсьці здзівіць, выклікаць шчырыя і жывыя эмоцыі. Але гэтая паездка змагла.

 

Таццяна СЛАБКО,
класны кіраўнік 5 “Б” класа
сярэдняй школы № 7 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий