Дзень сямейнага адпачынку ў слонімскай школе

- 12:36ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Дзень сямейнага адпачынку “Мама, я  спартыўная сям’я!” прайшоў у сярэдняй школе № 2 Слоніма. У гэты дзень адбылося спартыўнае свята “Восеньскія забавы”. Галоўнымі ўдзельнікамі былі мамы і іх дзеці, вучні першых класаў.

Адной з задач правядзення свята было згуртаванне класна-бацькоўскага калектыву. Працэс уключэння вучня ў сістэму калектыўных адносін складаны. Асноўнымі спосабамі згуртавання з’яўляюцца захапленні і ўключэнне класна-бацькоўскага калектыву ў сумесную дзейнасць. Сумесна ўдзельнічаючы ў гульнях і конкурсах, дзеці і бацькі пачынаюць адчуваць сябе адной камандай.

Ёсць старая мудрая прымаўка: “Пасееш учынак – пажнеш звычку, пасееш звычку – пажнеш характар, пасееш характар – пажнеш лёс”. Да яе, абапіраючыся на сумесную псіхалогію, можна дадаць: “Пасееш калектыў – пажнеш асобу”.

Пад чулым кіраўніцтвам класных кіраўнікоў А.А.Гудач і Т.В.Шаўцовай былі арганізаваны дзве каманды (мама і дзіця): каманда 1 “А” класа “Апельсінчыкі” і каманда 1 “Б” класа “Вітамінчыкі”.

Камандам неабходна было праявіць свой спрыт, шпаркасць, спрыт і дружную працу ў конкурсах: “Букет з лісця”, “Дружная парачка” (мама – дзіця), “Хутка да сцяжка”, “Знайдзі хвосцік”, “Пакаці кавун”, “Пасадзі – збяры”, “Каштаны збяры”, выкладзі слова “мама” і іншыя конкурсы. Паміж конкурсамі ладзілі адпачынак: разгадвалі загадкі пра маму, пра рэжым дня. Вучыліся аднаўляць дыханне – выконвалі практыкаванні для дыхання. Перад спаборніцтвамі правялі размінку. Пазнаёміліся з правіламі складання комплексу ранішняй зарадкі.

У спартыўным свяце прымала ўдзел са сваёй дачкой-першакласніцай інструктар-валеолаг Слонімскай ЦРБ І.М.Галенка. Ірына Мікалаеўна расказала прысутным пра правілы асабістай гігіены і магчымасці супрацьстаяць інфекцыям у асенне-зімовы перыяд, уручыла ўсім памяткі.

Спартыўнае свята прайшло пазітыўна, арганізавана. Дзеці былі рады, што побач з імі мамы, якія спаборнічалі ў шпаркасці і спрыце, стараліся выконваць усе заданні выразна. Усе ўдзельнікі зарадзіліся бадзёрасцю і аптымізмам, навучыліся цаніць сяброўства і паразуменне. У выніку перамагла дружба.

 

Тамара КРАМНІК,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
сярэдняй школы № 2 Слоніма

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий