Шчасце Рыты Кундзікавай

- 9:15МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

Адной з жанчын, узнагароджаных ордэнам Маці ў гэтым годзе, стала Рыта Кундзікава, маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Клічаўскага раёна.

Усё сваё жыццё, усю сябе жанчына прысвяціла дзецям, як родным, так і прыёмным. Матуліну любоў, цеплыню і ласку яна падаравала дзясяткам дзяцей-сірот.

Першых прыёмных дзетак Кундзікавы ўзялі на выхаванне ў нестабільныя дзевяностыя. Тады ў іх падрасталі і трое родных дзяцей. Вялікай сям’і было выдзелена жыллё, а таксама прысвоены новы статус – дзіцячы дом сямейнага тыпу. 

– Падобных устаноў у вобласці тады не было. Мы сталі першымі бацькамі-выхавальнікамі на Магілёўшчыне, – расказала Рыта Уладзіміраўна.

Па яе словах, цяжкасцей заўсёды хапала, але ўсе яны вырашаліся. Зараз сям’я Кундзікавых жыве ў вялікім, светлым і ўтульным доме, у якім ніколі не змаўкае вясёлы дзіцячы смех. Сёння тут выхоўваюцца дзевяць дзяцей, сярод якіх восем прыёмных і адно ўсыноўленае.  

Адметна, што за амаль трыццаць два гады існавання дзіцячы дом сямейнага тыпу Кундзікавых стаў па-сапраўднаму родным для 38 дзяцей-сірот. Лёсы выхаванцаў былі рознымі. Некаторых рабят забралі з радзільні – ад іх адмовіліся бацькі, іншых – з Дома малюткі, з інтэрнатаў, з Клічаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Але ўсе яны знайшлі ў сям’і Кундзікавых бацькоўскае цяпло, падтрымку, разуменне, клопат і любоў. Напэўна таму шматлікія прыёмныя сыны і дочкі Рыты Уладзіміраўны называюць яе няйначай як “мама” і, нават будучы дарослымі, пастаянна прыязджаюць у госці.

Дарэчы, у сям’і Кундзікавых ніколі не дзялілі дзяцей на сваіх і прыёмных. Усіх лічаць роднымі, усіх аднолькава любяць. Наладжванню адносін з прыёмнымі дзецьмі вельмі дапамагаюць сямейныя традыцыі. Іх у доме Кундзікавых склалася нямала. Тут рэгулярна ладзяць сямейныя святы, перыядычныя чаяванні з уласнаручна прыгатаванымі пірагамі, кожны вечар збіраюцца ўсе разам, каб пачытаць кнігі ўслых. Усё гэта спрыяе хутчэйшай адаптацыі дзяцей. Іх сэрцайкі адтаюць і пачынаюць прыслухоўвацца да настаўленняў прыёмных бацькоў. У выніку, усе дзеці Кундзікавых выраслі добрапрыстойнымі грамадзянамі. А яшчэ яны вельмі дружныя між сабой і лічаць сябе адной сям’ёй.

Самаадданая выхаваўчая праца Рыты Уладзіміраўны неаднаразова атрымлівала самую высокую адзнаку. А сёлета яна атрымала асабліва значную для ўсёй сям’і ўзнагароду – ордэн Маці.

– Гэта ўзнагарода – не толькі мая, а ўсіх маіх дзяцей. Наогул, для мяне прызнанне дзяржавай і грамадствам – важна. Але галоўнае – добрыя ўзаемаадносіны з дзецьмі, дабрабыт нашай вялікай сям’і. Пры любых абставінах імкнуся падтрымліваць сыноў і дачок. Мяне вельмі радуе, што ўсе мае дзеці знайшлі сябе, радуе кожная пазітыўная дробязь у іх жыцці. Гэта маё самае вялікае шчасце, – адзначыла Рыта Кундзікава.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ

Фота mogilevnews.by

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий