Гульнявая праграма на нямецкай мове “Восеньская мазаіка” (“Herbst – Mosaik”) сабрала ў суботу вучняў 5–8-х класаў Нацкіх ясляў сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна.
У класным пакоі загадзя было падрыхтавана ўсё па тэме “Восень”: малюнкі вучняў, карцінкі, садавіна і агародніна, заданні камандам Herbstlaune (“Восеньскі настрой”) і Herbstmonate (“Восеньскія месяцы”).
Дзве каманды выбралі капітанаў, якія і пачалі гульнявую праграму з конкурса “Асенняя дуэль”. Капітаны стараліся як мага лепш прадставіць сябе і членаў сваёй каманды, расказаць пра тое, чым ім падабаецца восень. Усё гэта трэба было расказаць на замежнай мове, і капітаны каманд, два Арцёмы з 8-га класа, справіліся з гэтым выдатна. Наступныя конкурсы “Будзь уважлівы!”, “Ці гэта так?”, “Утвары слова”, “Знайдзі лагічны адпаведнік” і іншыя былі накіраваныя на развіццё маўленчых навыкаў вучняў, іх творчых здольнасцей, на тое, каб дзеці маглі працаваць у камандзе дружна і выконваць заданні аператыўна. Падчас выканання заданняў гучалі песні на нямецкай мове на восеньскую тэму.
Займальным для дзяцей было прыняць удзел у конкурсе акцёрскага майстэрства – агучыць як мага артыстычней ролю, якую выбраў, калі выцягнуў пэўную картку. Дзвюм камандам трэба было інсцэніраваць казку Rübchen (“Рэпка”). Лічу, што хлопчыкам і дзяўчынкам гэты конкурс спадабаўся найбольш. Камусьці трэба было паспрабаваць сябе ў ролі Бабкі, Дзедкі, Унучкі, а іншым – у ролі хатніх жывёл. Тым больш, словы на картках даваліся спантанна на нямецкай мове, трэба было хутка іх прачытаць і ўліцца ў ролю.
Перамагла ў гульнявой праграме каманда “Асеннія месяцы”, але і каманда-саперніца “Асенні настрой” адстала ненамнога. Самыя актыўныя ўдзельнікі будуць узнагароджаны добрымі ацэнкамі па прадмеце.
Марыя СПЕЦЕЛЮН,
настаўнік нямецкай мовы
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна