Чарговая субота прынесла навучэнцам Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна шэраг захапляльных мерапрыемстваў.
Навучэнцы пачатковых класаў сумесна з кіраўніком школьнага музея “Спадчына” здзейснілі “экскурсію ў крэсле” “Музейнае багацце”. У нестандартнай форме яны пазнаёміліся з рэдкімі музейнымі экспанатамі: “сабака”, “поўкілёўка”, дзяркач, рэшата. Апынуўшыся ў школьным музеі, пачаткоўцы зразумелі, што ўбачыць і пазнаць шмат цікавага можна не толькі па тэлебачанні ці ў камп’ютары, але і разглядаючы экспанаты школьнага музея, а таксама з гутаркі з экскурсаводам.
Інтэрактыўная квест-гульня “Экамарафон” сабрала навучэнцаў 5–9-х класаў. На шляху ўдзельнікаў квеста былі перашкоды-заданні на кожнай са станцый: “Голас. Дзеці”, “Зялёная планета”, “Звярыная планета”, “Кветкавы свет”, “Жывая літара”. Выкананне заданняў на кожнай станцыі прыбліжала ўдзельнікаў да разгадкі кульмінацыйнага задання – зашыфраванай прымаўкі.
Спартыўныя здольнасці навучэнцы 4–6-х класаў развівалі на чарговым занятку аб’яднання па інтарэсах “Асновы фізічнай падрыхтоўкі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі адпрацоўвалі навыкі скачкоў на месцы ў хуткім тэмпе, праз скакалку, элементы спартыўнай гімнастыкі. З задавальненнем дзеці пагулялі ў гульню “Два капітаны”.
А ў камп’ютарным класе школьнікі маглі паспаборнічаць у навучальных гульнях “Займальная арыфметыка” і “Spore”.
У суботні дзень таксама працаваў кансультацыйны анлайн-пункт “Па запытах”, дзе бацькі навучэнцаў маглі атрымаць дапамогу ў педагагічнай асвеце ад сацыяльнага педагога і класных кіраўнікоў.
Сучасная школа павінна быць карыснай, цікавай, выхоўваць, вучыць, забаўляць навучэнцаў. І ўсе гэтыя кірункі можна ўдала сумяшчаць менавіта ў шосты школьны дзень.
Таццяна БЯРЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па ВВР
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна