Адным з самых цікавых заняткаў па інтарэсах у Клайшанскай базавай школе Воранаўскага раёна стаў занятак “Крынічка”, які наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі пачатковых класаў. Тут навучэнцы фантазіруюць, малююць, лепяць.
Назапашваючы практычны вопыт, дзеці ад простых вырабаў з паперы паступова пераходзяць да засваення больш складаных узораў. Звычайны матэрыял – папера – набывае новы сучасны кірунак, ім можна працаваць у розных тэхніках. Больш за ўсё дзеткам спадабалася распаўсюджаная ў наш час тэхніка апрацоўкі паперы пад назвай “квілінг”. Большасць прапанаваных вырабаў, напрыклад, святочная паштоўка, разлічана на выраб на працягу некалькіх гадзін, і навучэнцы, бывае, так натхняюцца, што гатовыя затрымацца пасля заняткаў і скончыць сваю працу. Ну а фантазія, вядома, у іх бясконцая. Таксама хлопчыкам і дзяўчынкам падабаецца працаваць з гафрыраваным кардонам, аксамітнай паперай, макаронамі, тканінай. Зараз дзеці захапіліся тэхнікай дэкупаж.
Вельмі падабаецца маім навучэнцам падвядзенне вынікаў працы, яе аналіз і ацэнка. Дзеці стараюцца справядліва і аб’ектыўна ацэньваць сваю працу і працу сяброў.
Мае навучэнцы, нягледзячы на тое, што занятак па інтарэсах заснаваны толькі з 1 верасня, ужо прынялі ўдзел у школьных выставах вырабаў “Другое жыццё бутэлькі”. Таксама лепшыя работы былі прадстаўлены на раённы этап конкурсу “Калядная зорка”. Дзеці вельмі задаволеныя тым, што такія рэчы робяць самі.
Таццяна ТРОЦКАЯ,
кіраўнік гуртка “Крынічка”
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна