Падчас правядзення Тыдня музеяў устаноў адукацыі вучні 9-га класа Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна здзейснілі падарожжа ў музеі свету. Найперш – у музеі сваёй краіны.
Музеі – гэта скарбніца чалавецтва, яго каштоўнасцей і культурнай спадчыны. Усё, чым жыло чалавецтва ў пэўны перыяд сваёй гісторыі, беражліва захавана ў выглядзе музейных экспанатаў.
Пра гэта дзевяцікласнікі разважалі, калі “праходзілі” па залах музея Адама Міцкевіча, што ў Навагрудку, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Трэццякоўскай галерэі, Эрмітажа…
Як цікава і захапляльна было ўсведамляць, што свет існуе дзясяткі стагоддзяў, сярод якіх чалавек бачыць толькі адзінае адведзенае яму імгненне даўжынёю ў жыццё, а музеі здольны распавесці пра быт продкаў, пра тое, што хвалявала іх сэрцы і душы. Гэта асаблівае месца, дзе можна адчуць сябе частачкай бясконцай гісторыі планеты.
Рабяты вырашылі пакінуць успамін і пра саміх сабе – прынеслі ў школьны музей вельмі цікавыя экспанаты. Саша Шыдлоўскі прапанаваў прачытаць некалькі старонак кнігі, выдадзенай да 100-годдзя з дня нараджэння А.С.Пушкіна (1899 года выдання), паказаў медныя грошы 1876, 1900, 1908 гадоў. Зацікавілі вучняў і старонкі жыція святых, напісаныя на стараславянскай мове. Даша Сап’янік прынесла старажытны гадзіннік.
Адным словам, дакрануцца да гісторыі, удыхнуць яе водар дапамаглі старыя рэчы. Канечне, наперадзе ў дзяцей доўгае жыццё, і яны абавязкова пабываюць у лепшых музеях свету, а першыя крокі ў гэты дзівосны свет зроблены сёння, ад парога школьнага музея.
Марына СЯВЕЦ,
класны кіраўнік 9-га класа
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна