Для вучняў пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Смаргоні была арганізавана экскурсія ў Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь. Гэта адзін з самых прыгожых і незвычайных будынкаў нашай краіны, пра які дзеці шмат чулі, разглядалі на малюнках і фотаздымках, але мала хто бачыў бібліятэку ўласнымі вачыма.
Экскурсавод, праводзячы нас па выставачных залах бібліятэкі, распавядала пра работы нашых беларускіх майстроў. Праходзячы па шырокіх калідорах, нельга не звярнуць увагі на карціны, якія ўпрыгожваюць сцены і ствараюць атмасферу таямнічасці. Дарослыя і дзеці былі ўражаны памерамі чытальнай залы. Яна займае два паверхі. Чытачам даступны звыш 9,5 мільёнаў кніг, перыядычных друкаваных выданняў і іншых інфармацыйных рэсурсаў. Для кожнага наведвальніка чытальнай залы створаны ўмовы, каб ён працаваў у цішыні, такіх месцаў тут дзве тысячы. Увагу дзяцей прыцягнула такая рэч, як пошук патрэбнай кнігі, яны змаглі ўбачыць, як кнігі падаюцца па спецыяльным канвееры ў чытальную залу.
З цікавасцю мы наведалі музей кнігі, дзе даведаліся, як выглядалі кнігі шмат стагоддзяў назад. Тут знаходзяцца кнігі з розных краін свету; усе мелі магчымасць убачыць самую вялікую і маленькую кнігі, паспрабаваць пачытаць кнігі на стараславянскай мове і нават патрымаць іх у руках.
Самым запамінальным момантам стала наведванне аглядавай пляцоўкі, якая знаходзіцца на вышыні 23-га паверха. Гэта цудоўнае месца, адкуль можна ўбачыць усю сталіцу як на далоні, бо бібліятэка з’яўляецца адным з найвышэйшых будынкаў Мінска, яе вышыня 73 метры.
Напрыканцы экскурсіі дзеці і дарослыя змаглі дакрануцца да каменя жаданняў і абавязкова загадаць сваё. Экскурсія скончылася, але атрыманыя ўражанні і веды застануцца з намі надоўга.
Алла РЫДЗЕЛЬ,
класны кіраўнік 3 “Б” класа
сярэдняй школы № 3 Смаргоні