Народны гісторыка-краязнаўчы музей у Крэва наведалі смаргонскія трэцякласнікі

- 19:19ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Пачаліся школьныя канікулы, а, значыць, з’явілася больш часу для падарожжа па родным краі. На гэты раз трэцякласнікі сярэдняй школы № 3 Смаргоні наведалі цікавае месца ў вёсачцы Крэва – народны гісторыка-краязнаўчы музей, які знаходзіцца ў мясцовай школе.

Нечаканым і прыемным адкрыццём стала багацце сабранага тут гістарычнага матэрыялу, цікавая падача інфармацыі, прафесіяналізм экскурсаводаў.

Вялікую асалоду вучні атрымалі ад сустрэчы з загадчыкам музея Міхаілам Міхалькевічам. Міхаіл Анатольевіч цікава і даступна для малодшых школьнікаў расказаў пра гістарычныя падзеі і з’явы, звязаныя з вёскай Крэва. Дзеці змаглі ўпершыню пабачыць шмат цікавых артэфактаў. Экскурсія больш нагадвала пазнавальную віктарыну з падказкамі гаспадара музея. Фантазія дзетак падказвала, якімі маглі быць памеры маманта, калі бачыш яго зуб. Трэцякласнікі спрабавалі адгадаць, навошта раней выкарыстоўвалі вялізныя кошыкі, дзе можна было самаму схавацца, актыўна абмяркоўвалі, чым нашы далёкія продкі маглі так якасна апрацаваць каменную зброю і прылады працы. Загадчык музея падтрымліваў палёт фантазіі дзетак і накіроўваў удалымі падказкамі на патрэбны варыянт. Было адчуванне, што дзеці самі робяць правільныя высновы.

Шмат эмоцый выклікала ў вучняў магчымасць прымерыць рыцарскую кальчугу, выказаць свае адчуванні і меркаванні – ці лёгка быць рыцарам?

Плануемая гадзінная экскурсія заняла нашмат больш часу. Малодшых школьнікаў цікавіла ўсё: і вілка-нож часоў Першай сусветнай вайны, і таблічкі з назвамі крэўскіх вуліц на польскай мове, і рэшткі зброі з самых даўніх баёў. У загадчыка музея на ўсе пытанні былі адказы, ды не проста “сухая” інфармацыя, а цікавыя гісторыі, звязаныя з кожным экспанатам.

Больш за 15 гадоў музей носіць ганаровае званне народнага. Сёння тут налічваецца каля тысячы гістарычных экспанатаў. Вельмі прыемна ўсведамляць, што ўсе экспанаты мясцовыя, сапраўдныя. Бачна, што музей створаны людзьмі, якія сапраўды цікавяцца сваёй гісторыяй і добра яе ведаюць. У сценах музея праводзяцца не толькі экскурсіі, але і праходзяць лекцыі, музейныя ўрокі, класныя і агульнашкольныя мерапрыемствы і нават працуюць здымачныя групы беларускага тэлебачання.

На базе музея працуе гурток “Музеезнаўства”, асноўнымі накірункамі дзейнасці якога з’яўляюцца пошукова-даследчая работа, папулярызацыя краязнаўства і турызму. Гурткоўцамі сабраны і сістэматызаваны матэрыялы пра старажытны перыяд гісторыі Крэва. Таму музей у поўнай ступені адпавядае свайму прызначэнню – ён на самай справе краязнаўчы.

 

Вікторыя КАМЫНА,
класны кіраўнік 3 “А” класа
сярэдняй школы № 3 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий