Вучні Цырынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Карэліцкага раёна пад кіраўніцтвам кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні наведалі пакой баявой славы ў Лукскай сярэдняй школе.
Цікавую і змястоўную экскурсію правёў для вучняў кіраўнік музея У.У.Матусевіч. Асаблівую зацікаўленасць выклікала экспазіцыя, якая змяшчае ў сабе выставу формы і знакаў адрозненняў салдат і афіцэраў. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з медалямі ваеннага перыяду. Атрымалі звесткі пра жыхароў вёскі Лукі, якія ўдзельнічалі ў партызанскім руху, ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. З цікавасцю вучні разглядвалі галаўныя ўборы ваеннаслужачых СССР, Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і пагоны ад курсанта да генерал-лейтэнанта. Самыя яркія эмоцыі вучні атрымалі ад выставы ваеннай формы салдат і афіцэраў розных часоў. Тут яны ўбачылі паўсядзённую салдацкую гімнасцёрку, парадны салдацкі кіцель узору 1943 года, парадную форму афіцэра ўзору 1955 года, матроскую і “афганскую” форму.
Дзеці засталіся пад вялікім уражаннем ад экскурсіі. Было шмат пытанняў, абмеркаванне ўбачанага і пачутага. Было бачна, што экскурсія вучням спадабалася. Тым больш, што падчас экскурсіі яны маглі прымераць ваенную фуражку і патрымаць у руках сапраўдны аўтамат Калашнікава, а такое не кожны дзень удаецца.
Ж.І.МОХАНЬ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Цырынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Карэліцкага раёна