У аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Восеньская рапсодыя” Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна прайшоў дзень здароўя.
Дзень пачаўся з падбадзёрлівай зарадкі “Феерыя здароўя”, на якой дзеці пад вясёлую музыку зарадзіліся энергіяй і пазітывам. Затым была праведзена хвілінка здароўя на тэму “Правільнае харчаванне і вітаміны”. Хлопчыкі і дзяўчынкі адказвалі на пытанні і абмяркоўвалі правілы харчавання, а таксама прайшлі тэст “Шкодна – карысна” і ў выніку даведаліся пра сябе крыху больш.
Самым маштабным мерапрыемствам дня стала квест-гульня “У некаторым царстве – у здаровай дзяржаве”, дзе дзеці ўдзельнічалі ў розных эстафетах, конкурсах, гульнях, адгадвалі загадкі і малявалі на тэму “Здаровая планета ў нашых руках”. Станцыі квест-гульні былі размешчаны на ўсёй тэрыторыі школьнага лагера – у спартыўнай зале, кабінетах, на вуліцы.
На станцыі “У гасцях у бабулі Здравушкі” выхаванцы ўспомнілі песні, прыпеўкі пра здароўе і выканалі іх пад акардэон. На станцыі “Знаўцы здаровага ладу жыцця” хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю гулялі, слухалі і адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні віктарыны “Мы за здаровы лад жыцця”, а потым расказалі, што яны ведаюць пра загартоўванне, правільнае харчаванне, асабістую гігіену. А каб слова не разыходзілася са справай, яны абяцалі пачынаць кожны дзень з зарадкі і строга выконваць правілы асабістай гігіены.
На станцыі “Знішчым назаўжды воблака з тытуню” выхаванцы лагера намалявалі лістоўкі, якія яны раздалі жыхарам вёскі, калі вярталіся дадому.
На станцыі “Данс-карнавал” прайшоў танцавальны конкурс. Дзеці паспрабавалі выканаць складаныя рухі танцаў, а затым старэйшыя выхаванцы навучылі сваіх маленькіх сяброў паўтараць усё, што яны запомнілі.
Завяршыўся дзень гульнятэрапіяй “Рознакаляровы Свет здароўя”. Цікава і дынамічна прайшло спаборніцтва каманд “Заўсёды першыя” і “Шустрыкі”. Усе этапы гульні праходзілі ў напружанай барацьбе. Дзеці атрымалі зарад бадзёрасці і добры настрой. Удзельнічаючы ў спаборніцтве, яны змаглі адчуць сябе вялікай спартыўнай сям’ёй!
Мерапрыемства атрымалася захапляльным і пацешным, пакінула масу станоўчых эмоцый і ўражанняў.
Крысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна