Гістарычны квест і віртуальная экскурсія аб’ядналі разам у перыяд восеньскіх канікулаў навучэнцаў сярэдніх школ № 1 і 2 Магілёва.
Тэматычны квест быў распрацаваны па маршрутах мікразоны дзвюх устаноў адукацыі. Пасля яго праходжання дзяцей чакала цікавая 3D-экскурсія. У гульнявой форме з выкарыстаннем тэхналогіі “старэйшы навучае малодшага” навучэнцы 1–5-х класаў змаглі падрабязна азнаёміцца з традыцыямі Магілёўшчыны, слаўным гістарычным мінулым роднага горада.
Адметна, што мерапрыемства праходзіла ў рамках абласной акцыі “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе” і рэалізацыі гарадскога праекта “Дарогамі дабра і прыгажосці”. Мэта гэтай гарадской ініцыятывы – распрацоўка ўстановамі адукацыі культурна-пазнавальных маршрутаў, якія праходзяць па тэрыторыі іх мікрараёнаў. Праект, які ажыццяўляецца з 2018 года, адразу знайшоў водгук сярод вучнёўскіх і педагагічных калектываў. Да яго рэалізацыі падключыліся ўсе гарадскія ўстановы агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі.
Паўсюдна была арганізавана маштабная пошукава-даследчая работа навучэнцаў. Разам з педагогамі дзеці шукалі новыя звесткі пра гістарычныя падзеі, памятныя мясціны, прыродныя і архітэктурныя славутасці, удакладнялі ўнікальнасць і значнасць культурнай спадчыны сваіх мікрараёнаў. За некалькі гадоў у кожнай навучальнай установе здолелі распрацаваць сваю ўнікальную дарогу дабра і прыгажосці.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 2 Магілёва