Падчас асенніх канікул работа дзіцячага аздараўленчага лагера “САВІ” Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы Бераставіцкага раёна была прысвечана прафарыентацыі.
Не раз педагогі назіралі, як дзеці ў сімвалічнай форме спрабуюць абыграць дзеянні медсястры, настаўніка, цырульніка, таму вырашылі пашырыць кругагляд і ўсвядомленасць выхавальнікаў у гэтай сферы.
Кожны дзень не абыходзіўся без заняткаў фізічнымі практыкаваннямі. Настаўнік фізічнай культуры і спорту Міхаіл Зянько ўключыўся ў “ПРАФі”-змену і напамінаў дзецям: “Будзеце фізічна развітыя – любая прафесія будзе прыносіць задавальненне”.
Не адно цікавае мерапрыемства падрыхтавала настаўнік біялогіі і хіміі Зоя Уцепяргенава. Найбольш запомнілася дзецям экалагічная выстава, магчымасць узяць у рукі рэчы эколага, паслухаць падрабязную інфармацыю пра кожны прадмет. Не абышлося і без гульні “Я – эколаг”. Зоя Станіславаўна так цікава расказвала пра прафесіі, звязаныя з экалогіяй, што ў канцы дня не было сумненняў, кім хоча стаць кожны.
Настаўнік музыкі Марына Высоцкая як ніхто валодае інфармацыяй пра прафесію пажарнага-выратавальніка, якім працуе яе сын. Марына Аляксандраўна прынесла дзецям фота, цацачныя прадметы, тэлефон дыспетчара, расказала шмат гісторый з жыцця сына. Дарэчы, Алег Булай выходзіў з дзецьмі на сувязь і пажадаў ім бяспечных і вясёлых канікулаў.
Настаўнік пачатковых класаў Таццяна Макей дала выхавальнікам магчымасць самастойна здабываць інфармацыю. Чацвёртакласнікі ўзялі пад сваё крыло меншых. Пашукаць у інтэрнеце, прайсці па школе і даведацца інфармацыю ад бібліятэкара, сакратара, настаўнікаў, пазваніць сябру – можна было ўсё для таго, каб уявіць 10 прафесій будучага.
Настаўнік пачатковых класаў Анастасія Лазарчык клапацілася пра стан дзяцей: з тым, хто стаміўся, — гуляла ў настольныя гульні; з тым, хто пакрыўдзіўся, — малявала; з тым, хто проста патрабаваў увагі, — размаўляла. У канцы змены мы спыталі ў дзяцей, якую прафесію асвоіла Анастасія Мікалаеўна? Старэйшыя дзеці адразу здагадаліся, што гэта прафесія — псіхолаг.
Шэф-повар Святлана Затаўка не сыходзіць з курса ніколі: яна заўсёды якасна і смачна гатовіць ежу, за што мы ёй вельмі ўдзячныя. А яшчэ яна заўжды сустаракае нас з усмешкай. “Повар што трэба!” — гавораць дзеці і задумваюцца, ці не выбраць у будучым гэту прафесію.
Такім чынам, “ПРАФі”-змена ўдалася. З вялікім багажом ведаў, уменняў, навыкаў, постараў, калажоў, малюнкаў вярталіся здаровыя і вясёлыя дзеці кожны дзень дахаты.
Аксана ДЗЯМІДЗІК,
дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера “САВІ”
Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы
Бераставіцкага раёна