Незабыўная вандроўка па Воранаўскім раёне

- 17:45ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У апошні дзень восеньскіх канікул вучні Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна адправіліся ў вандроўку па родным раёне.

Спачатку наведалі гісторыка-этнаграфічны музей “Спадчына”, які знаходзіцца ў Забалацкіх яслях-садзе – сярэдняй школе. Кіраўнік музея Ф.І.Войшніс расказала наведвальнікам пра гісторыю стварэння музея, школы, пазнаёміла з экспазіцыямі.

Спадабаліся дзецям вырабы з саломы, шматлікія вышыванкі, ручнікі, ткацкі станок, калодзеж-журавель… Але найбольшую цікавасць выклікала экспазіцыя “Беларуская хатка”, у якой сабрана вялікая колькасць рэчаў, якімі карысталіся нашы продкі ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю разглядалі прадметы быту і інтэр’еру сялянскай хаты, задавалі пытанні, рабілі сэлфі. Затым вучаніца 10-га класа Віка Краеўская ў гульнёвай форме расказала пра рэчы, якія яна купіла на Забалацкім кірмашы.

Па дарозе дадому заехалі ў аграсядзібу з цікавай назвай “Ё-маё”. Беластвольныя бярозкі, стройныя елкі засталіся тут у першапачатковым выглядзе, каб радаваць гасцей некранутаю прыродаю. Зачаравалі дзяцей невялікія вадаёмы з чародкамі качак, прыгожы мосцік, фігуры казачных персанажаў, хатка на курыных ножках… Хлопчыкі і дзяўчынкі хадзілі па тэрыторыі, шапацелі апаўшай лістотай, любаваліся прыгажосцю асенняга лесу. Свежае паветра, вясковы каларыт, непаўторны прыгожы ландшафт дазвалялі добра сябе адчуваць.

А ў памяшканні аграсядзібы ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз ад гаспадара Віктара Лінга: гарачая гарбата, духмяныя пірожныя і макароны з дзічынай. Задаволеныя ад убачанага і пачутага, у добрым настроі хлопчыкі і дзяўчынкі вярталіся дадому.

 

Ірына УРУБЛЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 6-га класа,
Нацкага яслей-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий