На восеньскіх канікулах навучэнцы Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы Смаргонскага раёна змаглі трапіць у мінулае і пабываць на Смаргонскім кірмашы.
Такую магчымасць падарылі школьнікам супрацоўнікі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, якія правялі для дзяцей тэатралізаваную экскурсію “Шляхамі кірмашовымі”. Хлопцы і дзяўчынкі ўбачылі, як выглядаў Смаргонскі кірмаш раней, даведаліся пра кірмашовыя тавары, лялечны тэатр “Батлейка” і пазнаёміліся з гісторыяй Мядзведжай акадэміі. Яна была створана ў 40-х гадах XVII ст. і праіснавала каля 150 гадоў. Выхаванцы акадэміі выступалі на кірмашы пад наглядам скамарохаў і весялілі гасцей.
Але і сёння час ад часу адзін са скамарохаў прыходзіць у музей са сваім вучнем-мядзведзем. Цяпер яны паказваюць прадстаўленні наведвальнікам музейнага кірмашу. Школьнікам вельмі спадабалася выступленне мядзведзя. Дзеці змаглі памерацца з ім сіламі і перацягвалі канат.
Пасля гульні музейная гаспадыня – абараначніца – расказала, як у Смаргоні выпякалі абаранкі, якімі славілася мястэчка. Навучэнцы даведаліся, што раней гэтыя ласункі называліся абваранкі. Напрыканцы экскурсіі дзеці пачаставаліся імі. Вучні засталіся ў вялікім задавальненні не толькі ад абаранкаў, але і ад усяго Смаргонскага кірмашу цалкам.
Наталля ПАРЖОН,
настаўнік пачатковых класаў
Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы
Смаргонскага раёна