Хутка і цікава прайшлі восеньскія канікулы для выхаванцаў аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Дабраград” на базе Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы Смаргонскага раёна. Шэсць дзён лагернай змены прайшлі пад дэвізам “Дабрыня сагрэе сэрца кожнага” і сталі прасторай не толькі для аздараўлення, але і ўсебаковага развіцця асобы дзіцяці.
Кожны дзень у лагеры – гэта чарада добрых спраў, цікавых сустрэч і прыгод. Выхаванцы сталі ўдзельнікамі разнастайных падзей і з задавальненнем удзельнічалі ў стварэнні карты добрых спраў лагера.
Актыўна і пазнавальна прайшоў біблія-крос “У кніжным царстве Дабрыні”, удзельнікі якога паспрабавалі стварыць свой “сад дабрыні”. Для гэтага ім спатрэбілася перамагчы зло і ператварыць усе дрэвы ў “дрэвы дабра”. Дзеці ўспомнілі прыказкі і прымаўкі, у якіх “схавалася” дабро, успаміналі мастацкія творы, персанажаў, якія рабілі добрыя справы, расказвалі пра свае сітуацыі, у якіх здзяйснялі добрыя ўчынкі. Таксама хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з многімі героямі дзіцячых кніжак і зрабілі для сябе выснову, што ў іх ёсць чаму павучыцца.
Падчас квест-гульні “Сцяжынка добрых спраў” у госці да выхаванцаў завітаў Дамавічок, які схаваў запіскі з добрымі словамі і фразамі. Дзеці з азартам кінуліся на іх пошукі. Знаходзячы запіскі, вучні збіраліся ў гурток і чыталі знойдзеныя пасланні.
Фестываль творчасці працягнуў эстафету дабра, яго ўдзельнікі падарылі вясёлыя карыкатуры адно аднаму.
У ходзе конкурсна-пазнавальнай гульні “Усіх важней і даражэй у гэтым свеце дабрыня!” вучні зрабілі сваімі рукамі сэрцы, на якіх напісалі пажаданні, а потым падарылі гэтыя сэрцы адно аднаму.
Не абмінулі выхаванцы і спартыўныя гульні і спаборніцтвы. Дзеці ўдзельнічалі ў займальных конкурсах з бегам, скачкамі, у эстафетах з мячом, абручом, дзе змаглі праявіць свае спартыўныя здольнасці і навыкі, паказаць сілу і спрыт.
Ні адзін лагер не абыходзіцца без экскурсій, не стаў выключэннем і “Дабраград”. Вучні з радасцю і натхненнем акунуліся ў мінулае ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі, наведаўшы анімацыйную праграму “Мядзведзь Барута і абаранкавыя гісторыі”. Выхаванцы лагера акунуліся ў атмасферу старадаўняга смаргонскага кірмаша, дзе ў гульнёвай форме пазнаёміліся з гісторыяй горада. На свае вочы дзеці змаглі ўбачыць прылаўкі з вырабамі народных майстроў, сустрэліся з сапраўдным мядзведзем і паўдзельнічалі ў кірмашовых забавах, а таксама пачаставаліся прысмакамі, якія праславілі Смаргонь на ўсю краіну і за яе межамі.
Са старажытнымі народнымі рамёствамі дзеці пазнаёміліся падчас экскурсіі ў раённы Дом рамёстваў, дзе не толькі на свае вочы пабачылі вырабы народных майстроў, але і змаглі паўдзельнічаць у майстар-класе па саломапляценні і ткацтве.
Лагер завяршыў сваю работу, пакінуўшы выхаванцам незабыўныя ўражанні і зарад бадзёрасці на новую чвэрць.
Алена ВАРАНІШЧА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна