Выхаванцы аб’яднання “Веласіпедны турызм” знаёміліся з гісторыяй любчанскай зямлі  

- 11:17ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Для ўдзельнікаў Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, які дзейнічае на базе Любчанскага гарадскога дома культуры, быў арганізаваны шэраг захапляльных велаэкскурсій па маляўнічых мясцінах малой радзімы.

Дзеці пазнаёміліся з багатай, насычанай гісторыяй любчанскай зямлі, наведалі помнікі загінуўшым салдатам-вызваліцелям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, месцы масавых растрэлаў яўрэйскага насельніцтва Любчы і Малых Вераб’евічаў.

Не абмінулі ўдзельнікі велаэкскурсіі святыню праваслаўнага насельніцтва Беларусі – Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр у вёсцы Гнесічы, дзе падчас цікавага аповеду пазнаёміліся з гісторыяй, легендамі і паданнямі, звязанымі з гэтымі мясцінамі.

Таксама ўдзельнікі велаэкскурсій пабывалі ля мемарыяльнага каменю Уладзіславу Дыбоўскаму ў вёсцы Нянькава, дзе даведаліся пра дзейнасць вядомага вучонага-палеантолага, доктара мінералагічных навук, беларускага, рускага і польскага заолага, батаніка, фалькларыста, які аказаў значны ўплыў на развіццё навукі Навагрудчыны.

Арганізаваныя велаэкскурсіі для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Веласіпедны турызм” у сонечныя лістападаўскія дзянькі спрыялі добраму настрою дзяцей, пакінулі толькі прыемныя ўражанні, шмат пазітыву, далі магчымасць яшчэ раз дакрануцца да таямніц і багатай гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю, вучылі сапраднаму сяброўству і ўзаемаразуменню, а галоўнае – спрыялі ўмацаванню здароўя.

 

Таццяна БОРЫС,
педагог дадатковай адукацыі
Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий