Прыгажосць Ліпічанскай пушчы пазналі школьнікі з Раклевіч  

- 8:05ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні Раклевіцкага дзіцячага сада – базавай школы Дзятлаўскага раёна ў прыгожы восеньскі дзень на школьным аўтобусе адправіліся на экскурсію ў Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Ліпічанская пушча”.

Пушча – гэта слова прыйшло да нас з глыбіні стагоддзяў. Старажытныя славяне пад словам пушча разумелі непраходны лес. Менавіта так яно і было. Мы ж убачылі казачны куток нашай Радзімы, дзе людзі займаюцца аховай раслінных і жывёльных відаў Гродзенскай вобласці і ствараюць умовы для развіцця турызму ў Беларусі. Даведаліся пра тое, што тэрыторыя заказніка ўключае адразу тры адміністратыўныя тэрытарыяльныя адзінкі: Дзятлаўскі, Шчучынскі і Мастоўскі раёны. Цікава было даведацца пра рэдкія і выміраючыя віды раслін і пазванковых жывёл. З задавальненнем гулялі дзеці сярод дубоў-веліканаў, самому старому з якіх больш за 450 гадоў.

Убачылі рэшткі старой дзягцярні, пачулі пра яе расказ. Гэта, безумоўна, унікальны аб’ект, бо нідзе болей у Беларусі не засталося месцаў, у якіх бы захаваліся ўсе элементы гэтага старажытнага промысла. Побач убачылі асвячоны крыж, які стаіць над крыніцай. Вада ў ёй не замярзае нават у самыя моцныя маразы і бяжыць у Шчару. Мясцовыя жыхары лічаць, што вада гэтай крыніцы валодае цудадзейнымі якасцямі, якія пазбаўляюць ад фізічных і маральных нядугаў. Мы таксама набралі гэтай вады з сабою.

На правым беразе Шчары экскурсанты наведалі мемарыял ахвярам фашызму і героям-партызанам. Хвілінай маўчання ўшанавалі дзеці памяць 3900 чалавек, пахаваных у гэтым месцы, якія сталі ахвярамі фашызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ад мемарыяла сцежка прывяла нас да музея- зямлянкі і сапраўднай партызанскай бані. Яны знаходзяцца ў вёсцы Шымкі, якая была адной з партызанскіх баз, якую фашысты спалілі поўнасцю.

Вось такім чынам вучні нашай установы адукацыі пазнаюць прыгажосць і ўнікальнасць нашай Беларусі. Нельга застацца раўнадушным пасля той прыгажосці, якую ўбачыў сваімі вачамі. Бачыць яе, пачуць у ёй жыццё і, безумоўна, усвядоміць сваю адказнасць за яе, каб засталася для многіх пакаленняў – гэта галоўная задача, якую вырашаем мы, настаўнікі.

Мы даведаліся яшчэ пра адну цікавую і прыгожую мясціну Беларусі, убачылі сваімі вачамі яе прыгажосць і багацце, дыхалі свежым восеньскім паветрам. Ліпічанская пушча спалучае ўнікальную прыроду, багатую гісторыю і сетку сцежак, якая злучае паміж сабою вёскі і тутэйшыя помнікі.

Развітваючыся з гэтым унікальным кутком беларускай прыроды, кожны з нас думаў, што абавязкова вернецца сюды. 

 

Надзея КАНЯВЕГА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Раклевіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий