16 лістапада ў Беларусі адзначаецца ўнікальнае свята – Дзень беларускай лялькі. Да святочных мерапрыемстваў далучыліся і выхаванцы ясляў-сада аграгарадка Квасоўка Гродзенскага раёна.
Здаўна павялося вырабляць лялек глыбокай восенню. Па завяршэнні палявых работ у жанчын з’яўляўся вольны час, і яны прыступалі да рукадзелля. Лялек вязалі, плялі і ляпілі, гэта былі абрадавыя лялькі, вясельныя, для маленькіх дзяцей… Некаторыя з іх ставілі на ганаровае месца ў доме. Кожная клапатлівая гаспадыня не забывала сплесці лялек і да калядных і навагодніх святаў, якія служылі елачным упрыгожаннем, неслі ўтульнасць і цяпло ў сямейнае свята.
Чалавек, які страціў свае карані, становіцца страчаным для грамадства. І нішто так не спрыяе фарміраванню і развіццю асобы, яе творчай актыўнасці, як зварот да народных традыцый. У Дзень беларускай лялькі дзеці сярэдняй группы чыталі творы Эдзі Агняцвет “Беларусачка”, гулялі ў дыдактычную гульню “Апрані ляльку”. Выхаванцы старшай групы паглядзелі тэатральную пастаноўку “Піліпка-сынок” і пабывалі ў майстэрні па вырабе лялек па схемах і малюнках. Малодшыя дзеці гулялі ў рухомыя, гульні-карагоды, пальчыкавыя гульні. Усе разам наведалі выставу беларускіх лялек “Ах, якая лялька!”.
Вольга ШАМБЕР,
намеснік загадчыка
ясляў-сада аграгарадка Квасоўка
Гродзенскага раёна