Прадуктыўна прайшоў урок пазакласнага чытання “Восеньскія гісторыі” у 2 “А” класе сярэдняй школы № 3 Ашмян, прысвечаны творам беларускіх пісьменнікаў пра прыгажосць асенняй прыроды.
Адной з галоўных задач у перыяд атрымання пачатковай адукацыi, з’яўляецца авалоданне роднай мовай. І настаўнiк закладвае асновы моўнай культуры асобы. Дапамагаюць гэтаму ўрокi пазакласнага чытання. Мэта пазакласнага чытання – сфарміраваць у малодшых школьнікаў цікавасць да кніг, жаданне і ўменне іх свядома выбіраць і асэнсавана чытаць. Вучыць арыентавацца ў кнізе і сярод кніг, свядома выбіраць для сябе патрэбныя, даступныя разуменню кнігі.
У 2-м класе такі від работы дзецям у навiнку, але вельмi цiкава пачынаць рабiць нешта новае. Так, захапляльным атрымаўся ўрок пазакласнага чытання “Восеньскія гісторыі” у 2 “А” класе. Вядома, што дзецям дапамаглі ў падрыхтоўцы бацькі. Усе вучні класа знайшлі цудоўныя вершы і ў дадатак да гэтага падрыхтавалі малюнак ці фотаздымкі беларускай восені, якімі ўпрыгожвалі дошку на працягу ўрока. Дзеці надзявалі капялюш, які перадала “Восень”, і выразна чыталі вершы.
У ходзе ўрока вучні адгадвалі загадкі пра восень і праглядзелі відэафільм па матывах верша Петруся Броўкі “Надыход восені”.
Такія ўрокі развіваюць жаданне і ўменне вучыцца, праходзяць вельмі цікава і нясуць у сабе вялікае маральна-этычнае, патрыятычна-выхаваўчае значэнне.
Ірына АНДРЫЛОВІЧ,
настаўнік 2 “А” класа
сярэдняй школы № 3 Ашмян