Кожны занятак адукацыйнага кампаненту “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” у яслях-садзе вескі Беняконі Воранаўскага раёна праводзіцца ў форме гульні.
Дзіця 2–3-х гадоў спазнае навакольнае асяроддзе праз гульню: з яе дапамогай ён вывучае прадметы, дзякуючы ёй набывае і новыя веды. Гульнявы падыход дазваляе вырашыць ключавую задачу – не проста навучыць, але і зацікавіць дзіця.
Пачынаючы знаёмства з матэматыкай, неабходна дазволіць дзіцяці ў літаральным сэнсе дакрануцца да новых ведаў. На адным з заняткаў па тэме “Адзенне” выхаванцы дапамагалі ляльцы Машы сабрацца ў госці да бабулі. Яна хацела адзець сваю самую прыгожую сукеначку, але на ёй адарваліся ўсе гузікі. Каб выратаваць Машу і здабыць чырвоныя гузікі, неабходна было выканаць заданні.
Спачатку дзеці падбіралі кавалачак-латку, якая падыходзіла па форме і колеры, каб зашыць дзіркі ў вопратцы. У наступным заданні трэба было знайсці сярод малюнкаў лішні прадмет і закрыць яго далонькай. Далей дзеці выканалі дыдактычнае практыкаванне “Знайдзі другую палову адзення”, дапамаглі раскласці вопратку ў шафы, падбіраючы адзенне для дзяўчынкі і для хлопчыка. А напрыканцы пагулялі з прышчэпкамі, падбіраючы іх пад колер сукенкі. Выканаўшы ўсе заданні, дзеці сабралі гузікі для сукенкі Машы, за што яна была вельмі ўдзячная ім.
Праведзены занятак садзейнічаў развіццю ўвагі, лагічнага і прасторавага мыслення, зрокавай памяці, дробнай маторыкі рук і тактыльных адчуванняў.
Юлія УЛАНОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
яслей-сада в. Беняконі
Воранаўскага раёна