Навучэнцы аб’яднання “Юныя фалькларысты” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, знаёміліся на занятку з асаблівасцямі беларускай хаты.
Юныя фалькларысты Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі пачалі знаёмства з традыцыйным беларускім жыллём. На занятку мы паглыбіліся ў правілы, якімі кіраваліся нашы продкі адносна падрыхтоўкі, месца і часу яго ўзвядзення. Згодна з імі навучэнцы разбіраліся, як выбраць добрых майстроў, каб хата прастаяла доўга, чаму нарыхтоўвалі бярвенне для будучага жылля толькі зімой, з чым было звязана павер’е не будаваць хаты там, дзе стаялі лазня або млын, і навошта чакалі свята Дабравешчання для закладкі першага вянца.
Таксама гуткоўцы пазнаёміліся з планіроўкай хаты, даведаліся, чаму столь сімвалізавала свет памерлых продкаў, а падлога – свет жывых. Цікава, што кожны куточак беларускай хаты меў сваю сімволіку і значэнне. Юныя фалькларысты ўзгадалі, якую ролю выконвала печ у жыцці беларусаў, па якой прычыне побач з ёй забаранялася сварыцца. А яшчэ мы ўспомнілі пра галоўнага ахоўніка хатняга агменю – дамавіка. Па павер’ях, загадкавая істота дапамагала працавітай і клапатлівай сям’і, а калі гаспадары ленаваліся і не клапаціліся пра чысціню і парадак у хаце, дамавік мог раззлавацца і нашкодзіць. Не абыйшлі ўвагай і самае ганаровае месца ў хаце – чырвоны кут, альбо покуць, што сімвалізаваў Божы свет. Пасядзець у чырвоным куце лічылася за вялікі гонар, гэтае месца ачышчала і ўзвышала чалавека. На святы нашы продкі збіраліся за святочным сталом, які стаяў у чырвоным куце.
Практычная частка занятку была праведзена ў форме майстар-класа. Удзельнікі аб’яднання стварылі стылізаваныя падкоўкі – традыцыйны абярэг, які спрадвеку вешалі над парогам перад уваходам у хату. Цікава, што падкову вешалі як рожкамі ўніз – нібы арку, праз якую ў хату павінны ўвайсці шчасце, дабрабыт і радасць, так і рожкамі ўверх – у такім выпадку падкова сімвалізавала дабрабыт і заможнасць у гаспадарцы. Пры вырабе абярэгу абавязкова выкарыстоўвалі ільняныя ніткі, бо лічылася, што лён валодае ўласцівасцямі ўбіраць у сябе негатыўную энергетыку і хваробы.
Наперадзе гурткоўцаў чакае знаёмства з хатнімі гаспадарчымі прыстасаваннямі і прыладамі, посудам, мэбляй, тканымі вырабамі і іншымі цікавымі рэчамі нашых продкаў.
Мар’я ЕРАШЭНКА,
педагог аб’яднання “Юныя фалькларысты”
Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі