Дар’я Голуб – пераможца раённай навукова-даследчай канферэнцыі “Дзеці. Творчасць. Інтэлект”  

- 16:16БРЕСТЧИНА, Регионы

На Маларытчыне падвялі вынікі ХVІІ раённай навукова-даследчай канферэнцыі “Дзеці. Творчасць. Інтэлект” сярод старшакласнікаў. Арганізатарам мерапрыемства, якое праходзіла ў анлайн-фармаце, выступілі раённы аддзел па адукацыі і ВМК.

У 13 секцыях кампетэнтнае журы азнаёмілася з 28 даследаваннямі, прадстаўленымі 16 установамі адукацыі. Юных навукоўцаў цікавілі партызанскія сцежкі Маларытчыны, гальванічныя элементы, візуальныя метады прапаганды ў Беларусі, уплыў дыялектнай мовы на маўленчую культуру сучасных школьнікаў, фелінонімы і кінонімы мікрараёна Дарапеевіцкай сярэдняй школы, выкарыстанне сапрапелей Лукаўскага возера ў якасці арганічных угнаенняў.

Акрамя таго, вучні стваралі мабільны дадатак “Школьны каляндар”, разгадвалі таямніцы кубіка Рубіка, паказвалі, як можна эфектыўна рашаць хімічныя задачы з дапамогай камп’ютара, разбіраліся ў гістарычна-культурнай спадчыне царквы ў вёсцы Олтуш, высвятлялі ўплыў эдафічнага фактару асяроддзя на рост і развіццё раслін у ваколіцах Маларыты, вывучалі якасць мёду, рэдкія і тыповыя біятопы біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння “Лукава”, уплыў фітанцыдаў на захаванне харчовых прадуктаў…

У ліку пераможцаў у секцыі “Англійская мова” – адна з самых юных удзельніц сёлетняй канферэнцыі, сямікласніца Дар’я Голуб з Маларыцкай раённай гімназіі, якая пад кіраўніцтвам настаўніцы англійскай мовы Алены Ляшчук падрыхтавала даследаванне “Параўнальны аналіз англійскіх прыказак і прымавак і іх эквівалентаў у беларускай і рускай мовах”.

– Англійская, беларуская і руская мовы багатыя на прыказкі і прымаўкі, –гаворыць юная даследчыца. – У іх сабрана народная мудрасць, багаты гістарычны вопыт народа. Веданне прыказак і прымавак дапамагае не толькі засвоіць замежную мову, але і лепш зразумець думкі, звычаі, традыцыі, светапогляд і характар народа той краіны, мову якой вывучаеш.

Над даследаваннем Дар’я працавала некалькі тыдняў: аналізавала моўны матэрыял, рабіла высновы. Так, з пункту гледжання перакладу і адпаведнасці ў беларускай і рускай мовах усе англійскія прыказкі і прымаўкі можна падзяліць умоўна на тры групы: якія даюць даслоўны пераклад; пераклад, які супадае часткова; пераклад, які зусім не супадае.

Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік тэзісаў. Лепшыя работы юных навукоўцаў Маларытчыны прымуць удзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.

 

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий