Выхаванцы старшай групы ясляў-сада № 15 Смаргоні прынялі ўдзел у музычна-літаратурным салоне “Мая малая Радзіма”. Галоўная мэта мерапрыемства – паказаць дзецям мілагучнасць і прыгажосць беларускай мовы, неабходнасць яе шанаваць і паважаць.
Маленькія ўдзельнікі свята з задавальненнем чыталі вершы беларускіх паэтаў, распавядалі прыказкі і прымаўкі, спявалi песнi: “Беларусь мая”, “Зайграй мне, дударачку”, выконвалі танцы “Крыжачок”, “Мой дом – Белая Русь”. З вялікай цікавасцю дзеці слухалі паданні пра родны горад Смаргонь.
Вельмі нечаканым і прыемным сюрпрызам для выхаванцаў стаў прыход казачных герояў Несцеркі і Мядзведзя. Разам з вясёлымі гасцямі дзеці гралі у гульні “Лапці”, “Збяры беларускія цацкі”, “пяклі” бульбяныя аладкі.
Пасля мерапрыемства дзеці змаглі пазнаёміцца з прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: вырабамі з ільну, гліны, саломкі і дрэва.
Відавочна, што зварот да беларускага фальклору аказвае сур’ёзную дапамогу ў справе патрыятычнага выхавання дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Безумоўна, ва ўстанове дашкольнай адукацыі ствараюцца неабходныя ўмовы для таго, каб маленькія беларусы выраслі сапраўднымі грамадзянамі, якія любяць радзіму, ведаюць і паважаюць родную мову.
Алена ТРАСКОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік
ясляў-сада № 15 Смаргоні