Тыдзень пачатковых класаў у Поразаўскай сярэдняй школе

- 10:24ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

“Веды! Творчасць! Супрацоўніцтва!” – пад такім дэвізам прайшоў тыдзень пачатковых класаў у Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна. Змест мерапрыемстваў насіў рознабаковы і творчы характар, дазволіў навучэнцам раскрыць свой творчы патэнцыял.

Распачаўся прадметны тыдзень конкурсам “Лепшы каліграф”, які праводзіўся з мэтай замацавання ў школьнікаў уменняў граматнага каліграфічнага пісьма, прывіцця цікавасці да эстэтыкі пісьма, развіцця пісьмовай мовы. Падчас удзелу ў конкурсе дзеці прыйшлі да высновы, што ўменне прыгожа пісаць – гэта цэлае мастацтва і авалодаць ім не так проста.

КВЗ “Чароўны свет казак”, арганізаваны для навучэнцаў 1-га класа, садзейнічаў замацаванню і пашырэнню ведаў школьнікаў пра рускія і беларускія казкі, развіццю цікавасці да чытання, узбагачэнню слоўнікавага запасу дзяцей. У гульні ўдзельнічалі дзве каманды: “Чамучкі” і “Усёзнайкі”. З дапамогай чароўнага “цягнічка з Рамашкава” навучэнцы пабывалі на станцыях “Адгадай казку”, “Пазнай героя казкі”, “Музычная”, “Бюро знаходак”. Удзельнікі каманд праяўлялі высокую ступень актыўнасці і паспяхова спраўляліся з прапанаванымі заданнямі.

Падчас удзелу ў мерапрыемстве “Лінгвістычныя алімпійскія гульні” школьнікі спачатку здзейснілі займальнае падарожжа ў Старажытную Грэцыю, даведаліся пра гісторыю ўзнікнення Алімпійскіх гульняў, пра летнія і зімовыя віды спорту, пазнаёміліся са спартыўнымі дасягненнямі Аляксандра Гуштына і Яніны Карольчык, нашых землякоў-алімпійцаў. Затым пачаліся сапраўдныя спаборніцтвы паміж камандамі “Страла”, “Агонь” і “Непераможныя”, якія дазволілі ўдзельнікам праявіць трывалыя веды па рускай мове, кемлівасць, творчыя здольнасці, настойлівасць і з годнасцю прайсці ўсе лінгвістычныя выпрабаванні. Пераможцам лінгвістычных алімпійскіх гульняў стала каманда “Страла”.

Удзел у дыстанцыйных алімпіядах даў магчымасць школьнікам праверыць узровень сваіх ведаў па прадметах і вызначыцца, хто будзе прадстаўляць гонар школы на раённым этапе прадметных алімпіяд.

Шмат станоўчых эмоцый падарыў дзецям майстар-клас “Чароўная нітка”. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўпэўніліся, што з дапамогай звычайнай ніткі і фарбаў ствараюцца незвычайныя малюнкі, якія можна падарыць сябрам і блізкім на свята ці ўпрыгожыць імі свой пакой. Работа кожнага ўдзельніка майстар-класа атрымалася цікавай і непаўторнай.

Дзень спартыўных рэкордаў “Лепш за ўсіх!” дапамог вызначыць самых спрытных, вынослівых, дужых спартсменаў-пачаткоўцаў. Рэкардсменам сярод хлопчыкаў пачатковай школы ва ўсіх спаборніцтвах стаў Максім Анісеня. Лепшымі сярод дзяўчынак сталі: Анастасія Угляніца (згібанне – разгібанне рук ва ўпоры са становішча лежачы), Паліна Гойлік (скачкі на скакалцы) і Вікторыя Андрушка (скачкі ў даўжыню). Спадзяёмся, што ў будучым нашы рэкардсмены займуць ганаровыя месцы на п’едэсталах міжнародных спартыўных спаборніцтваў ці Алімпійскіх гульняў.

З вялікім задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у флэшмобе “Мы ўмеем танцаваць”, які даў ім магчымасць падрыхтавацца да ўдзелу ў навагоднім карагодзе, а таксама падарыў цудоўны настрой, зарад энергіі і бадзёрасці на ўвесь дзень.

Завяршыўся прадметны тыдзень узнагароджаннем пераможцаў і самых актыўных удзельнікаў мерапрыемстваў. Можна з упэўненасцю сказаць, што тыдзень пачатковых класаў прайшоў у атмасферы творчасці і супрацоўніцтва.

 

Алена АКУДОВІЧ,
кіраўнік творчай групы
настаўнікаў пачатковых класаў
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий