Захапляльнае падарожжа навучэнцаў у галерэю Кастуся Качана

- 15:33ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Шосты школьны дзень – самы час добра адпачыць ад урокаў і напоўніцца энергіяй. Навучэнцы Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна накіраваліся ў гэты дзень у галерэю свайго славутага земляка Кастуся Качана ў Навагрудку.

На некаторы час вучні апынуліся ў атмасферы мастацтва, дзе панавала гармонія і ўтульнасць, сугучча вобразаў і мелодыка адчуванняў, дзе сярод шматлікіх вобразаў, адлюстраваных на палотнах мастака, дзеці пазнавалі свае родныя куточкі і вулачкі, цікавыя мястэчкі і знакамітыя месцы роднай краіны. Звычайныя беларускія хаткі, старыя дарогі, шэрыя палеткі, сакавітыя лугі і бяздонныя нябёсы паказалі нам непаўторнае хараство беларускага краю.

Сапраўдным адкрыццём для дзяцей стала калекцыя шклянога посуду, пра які з захапленнем распавяла жонка Кастуся Качана Жанна Барысаўна. Высокая якасць шкляной прадукцыі заўсёды карысталася попытам у насельніцтва не толькі нашай краіны, але і замежжа. Ды і не дзіва. Як толькі можна не заглядзецца на гэтыя бясконцыя ўзоры, непараўнальная формы і колеры!

Жардыньера (састаўная ваза), крэданс (буфет), венская кававарка – тое, што дзеці ўбачылі ўпершыню і адчулі дух таго часу, калі ствараліся гэтыя дзіўныя рэчы і прадметы. Антыкварныя цуды і фарфор з ручным роспісам таксама не засталіся без увагі.

За ўтульнымі столікамі з верасам і запаленымі свечкамі дзеці загадалі свае жаданні і з надзеяй на здзяйсненне накіравалі іх у Сусвет. Шчаслівыя, з новымі ўражаннямі, адкрыццямі і вобразамі, мы адправіліся дадому, каб з новым разуменнем свету адчуваць прыгожае вакол нас.

 

Юлія ЕМЕЛЬЯНОВІЧ,
настаўнік англійскай мовы,
класны кіраўнік 5-га класа
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий