У цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Навагрудскага раёна кожны год у пачатку снежня адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў.
У рамках гэтага асаблівага дня ва ўстанове адбыліся цікавыя мерапрыемствы. Навучэнцы цэнтра разам з педагогамі і бацькамі прынялі актыўны ўдзел у выставе малюнкаў “Разам мы размалюем гэты свет”.
Забаўляльнае мерапрыемства “Дабру адкрыюцца сэрцы” перанесла ўдзельнікаў у казачны свет. Дзеці разам з Феяй Дабра накіраваліся ў цікавае падарожжа па станцыях: “Вуліца добрых слоў”, “Тупік шкодных саветаў”, “Плошча Дабра”, “Казачная”. Дзеці ахвотна прынялі ўдзел у гульнях і конкурсах “Добрыя і дрэнныя ўчынкі”, “Кветачка-вясёлка”, “Гэта я, гэта я, гэта ўсе мае сябры…”, “Казачны герой – добры ці злы?”.
Сюрпрызам стала сустрэча з Шапакляк. Навучэнцам прыйшлося нямала папрацаваць, каб пераканаць яе, што добрыя ўчынкі вельмі патрэбныя і важныя, і тварыць дабро можа кожны. Напрыканцы ўсе разам зрабілі “сэрца дабрыні”.
З навучэнцамі цэнтра таксама было праведзена спартыўна-забаўляльнае мерапрыемства “Мы можам усё”. Самае галоўнае, што падчас яго на пляцоўцы не адчувалася суперніцтва, а, наадварот, удзельнікі падтрымлівалі адно аднаго, дапамагалі, калі не атрымлівалася нешта выканаць.
На памяць удзельнікам засталіся дыпломы за асабістыя перамогі ў розных відах спорту і прыемныя прызы. Мерапрыемства нікога не пакінула абыякавым. А як вядома, пазітыўны настрой, шчыры смех і добрыя сябры побач – лепшыя лекі ад усіх хваробаў.
Наталля ЛЕБЕДЗЬ,
выхавальнік
цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі
Навагрудскага раёна