У групе падоўжанага дня Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна выкарыстоўваюцца прыёмы музыкатэрапіі падчас розных рэжымных момантаў.
Як паказала практыка, выхаванцам гэта тэхналогія вельмі падабаецца. Калі дзеці з розных класаў збіраюцца ў групу падоўжанага дня, іх у памяшканні сустракае радасная, мажорная музыка. Затым у залежнасці ад планаў на дзень, самаадчування дзяцей прымяняюцца розныя прыёмы: “Дырыжор”, “Свабодны танец”.
Дзецям вельмі падабаецца ігра на музычных інструментах, што ўяўляе сабой імправізацыю простага рытму. Гэта аказвае падбадзёрлівы ўплыў, выклікае адчуванне росту сіл і прытоку энергіі. Умеранае выкананне лірычных народных песень з дапамогай простых музычных інструментаў (дудачкі, барабана, ксілафона, лыжак) заспакойвае выхаванцаў.
Дзецям таксама падабаецца музыкамаляванне. На гэтым тыдні яно ажыццяўлялася пад музыку П.І.Чайкоўскага “Вальс кветак”. Хлопцы і дзяўчаты праслухалі кампазіцыю, а затым стварылі свае “карціны” і прыдумалі ім назву. Выхаванцы малявалі фарбамі, крэйдамі і нават пальцамі, што выклікала ў іх адчуванне радасці.
У вольны час малодшыя школьнікі любяць паспяваць. Пры групавой вакалатэрапіі ўсе дзеці далучаюцца да працэсу. Песні падбіраюцца адпаведна настрою групы, выхаванцы сядзяць у крузе, кожны ўдзельнік можа прапанаваць сваю песню.
З назіранняў за выхаванцамі, хочацца адзначыць, што прыёмы музыкатэрапіі паляпшаюць настрой, развіваюць творчыя магчымасці, даюць дзецям вопыт зносін, напаўняюць час правядзення ў групе падоўжанага дня радаснымі і яркімі ўражаннямі.
Надзея ЗАХАРЭЎСКАЯ,
выхавальнік
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна