З пачатку навучальнага года ў Асінаўшчызненскім яслях-садзе – пачатковай школе Смаргонскага раёна працягваецца работа па выхаванні ў дзяцей патрыятызму і грамадзянскасці праз розныя віды і формы дзіцячай дзейнасці.
Тэматычнае планаванне адукацыйнага працэсу садзейнічае эфектыўнаму засваенню дзецьмі ведаў пра сваю сям’ю, родны край, традыцыі і культуру беларускага народа. Усе прапанаваныя тэмы лагічна звязаны паміж сабой i разам складаюць цэласныя ўяўленні пра Беларусь.
Выхаванцы установы адукацыі знаёмяцца з беларускім фальклорам: народнымі казкамі, калыханкамі, паданнямі і легендамі, беларускімі народнымі гульнямі. Важна, што ў працэсе гульні дзеці размаўляюць па-беларуску і хутчэй авалодваюць роднай мовай. Дзякуючы народным гульням, у дзяцей фарміруюцца нормы паводзін, узоры адносін, маўленчая культура.
З захапленнем дзеці слухаюць народныя песні, асабліва ім запомнілася песня “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, якую яны напяваюць па ўласнай ініцыятыве. Быў праведзены шэраг экскурсій у музейны пакой “Хлеб у доме гаспадар”. Дашкольнікі знаёміліся з сельскагаспадарчай тэхнікай, якая вырабляецца на прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь, збожжавымі культурамі, прадукцыяй Смаргонскага хлебазавода, з народнымі традыцыйнымі святамі – зажынкамі і дажынкамі, са сваімі землякамі – лепшымі працаўнікамі ПКУП “Саўгас Смаргонскі”.
З мэтай узбагачэння і сістэматызацыі ўяўленняў пра прыродныя сімвалы краіны, славутасці сталіцы Беларусі і малой радзімы была праведзена вандроўка “Над Белай Руссю – белы бусел”.
Гэта зусім невялікая частка праведзенай з пачатку навучальнага года работы, накіраванай на выхаванне ў дашкольнікаў грамадзянскасці і патрыятызму. Фарміраванне духоўна-маральных якасцей праз далучэнне да культуры і традыцый беларускага народу ў розных відах дзейнасці праходзіць бесперапынна, паслядоўна і сістэматызавана.
Святлана ЦЫБОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы
Смаргонскага раёна