Школьнікі пазнаёміліся са службай воінаў-ракетчыкаў  

- 16:05ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Напрыканцы лістапада вучні 7–9-х класаў Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца са службай воінаў-ракетчыкаў. Школьнікі наведалі вайсковую часць 48685 у гарадскім пасёлку Поразава.

Нягледзячы на даволі пахмурны восеньскі дзень мы атрымалі масу яркіх і памятных уражанняў ад гэтай сустрэчы. Яшчэ па дарозе ў вайсковую часць звярнулі ўвагу на тое, што аўтобус увесь час плаўна падымаецца ўгору. Аказалася, што гэтаму ёсць тлумачэнне. Намеснік камандзіра часці, Сяргей Жураўлёў, які нас сустрэў і правёў экскурсію, растлумачыў, што месца, дзе знаходзіцца часць, – самае высокае ў раёне. Такая вышыня неабходна для работы спецтэхнікі.

Падчас экскурсіі навучэнцы даведаліся, чаму воінаў-ракетчыкаў называюць “вачыма граніцы”, якую спецыфіку мае іх служба. Мы пазнаёміліся са спецтэхнікай, работай радыёлакатараў, асаблівасцямі работы тых, хто іх абслугоўвае. Пабывалі і ў гаражы часці. Цікава было разгледзець машыны, у якіх кола мае вышыню не самага маленькага дзевяцікласніка. Аказацца за рулём такой машыны пажадалі не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі.

Не меньшую цікавасць вызвала знаёмства з бытам салдат-срочнікаў. Нас правялі ў казарму, дзе было вельмі цёпла і ўтульна. Чысціня і парадак – гэта тое, што адразу заўважаеш. У спальным пакоі на тумбачцы салдаты прыдумалі падстаўкі, куды можна ўставіць галінкі хвоі ці елкі – і прыгожа, і паветра ачышчаецца. У пакоі для адпачынку ёсць тэлевізар, палічка з кнігамі, падшыўкі газет.

У гэтай частцы экскурсіі нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. Капітан С.Ю.Жураўлёў са сваімі салдатамі прадэманстравалі сучасны АКМ-74 (аўтамат Калашнікава), яго разборку і зборку. Самыя смелыя змаглі паспрабаваць зрабіць тое, што так умела атрымліваецца ў прафесіяналаў. Навучэнцы патрымалі ў руках сучасны процівагаз (не здымаючы, у ім можна папіць вады праз спецыяльную трубачку) і бронежылет.

Па заканчэнні экскурсіі вучні задалі пытанні, якія зацікавілі: месца, дзе можна атрымаць прафесію афіцэра-ракетчыка, як можна трапіць на кантрактную службу, у якія рэгіёны размяркоўваюць выпускнікоў Ваеннай акадэміі гэтай спецыяльнасці. Акрамя сваіх змястоўных адказаў Сяргей Юр’евіч падзяліўся брашурамі і буклетамі з падрабязнай інфармацыяй пра тое, што неабходна зрабіць, каб стаць ракетчыкам. Пасля ён заўважыў, што ў першую чаргу неабходна добра вучыцца, любіць фізіку і матэматыку, сябраваць з фізічнай культурай і спортам.

Экскурсія спадабалася. Магчыма, нехта з нашых вучняў зрабіў яшчэ адзін крок да сваёй прафесійнай мары, а калі і не, то павага да людзей, якія з гонарам носяць вайсковую форму, думаю, у іх застанецца.

 

Ніна ТАРАНОВІЧ,
класны кіраўнік 10-га класа
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага района

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий