У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка прайшоў трэнінг для дзяцей старшых груп, прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў.
Мэта трэнінгу – звярнуць увагу дзяцей на “асаблівых людзей”, дапамагчы хлопчыкам і дзяўчынкам зрабіць крок насустрач такім людзям, развіць пачуццё падтрымкі і суперажывання.
У ходзе трэнінгу быў прагледжаны і абмеркаваны мультфільм “Пра Дзіму”, у якім закранаюцца праблемныя пытанні дзяцей з асаблівасцямі і падымаюцца тэмы дружбы, дабрыні і разумення. Праведзены практыкаванні “Я асаблівы” (дапамагло кожнаму адчуць сябе на месцы “асаблівых людзей”), “Востраў сяброўства”, “Падтрымка”, “Перадай добрае стаўленне сябру”, “Намалюй з зачыненымі вачыма”, накіраваныя на згуртаванне дзяцей, усталяванне тактыльнага кантакту. Дзеці прыгадалі, якія здзейснілі добрыя учынкі, і паклалі кветачкі ў скарбонку добрых спраў. На першы погляд лёгкія заданні для дзяцей аказалася выканаць не так ужо і проста. Выхаванцы адчулі, што з падтрымкай многае зрабіць значна лягчэй.
Трэнінг паспрыяў выхаванню ў дзяцей талерантнасці, дабрыні, неабыякавасці да праблем і патрэб людзей з інваліднасцю. А галоўнае – дзеці пакінулі заняткі з разуменнем, што трэба падтрымліваць такіх людзей і дапамагаць ім.
Кацярына БУІНСКАЯ,
педагог сацыяльны
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка