Навучэнцы Міжэвіцкай школы паразважалі пра дабро

- 15:18ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Напярэдадні Дня інвалідаў у Міжэвіцкай сярэдняй школе Слонімскага раёна прайшлі мерапрыемствы, асноўная мэта якіх – прыцягнуць увагу вучняў да людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя і паказаць, як можна дапамагчы чалавеку ў складанай сітуацыі. 

Вучні пачатковых класаў у час правядзення класнай гадзіны “Добрым быць проста” паразважалі над тым, якія якасці дапамагаюць людзям стаць лепшымі. Прагляд анімацыйных фільмаў прымусіў іх задумацца над учынкамі герояў, паспачуваць і выказаць свае адносіны да ўбачанага.

“Мы розныя, але правы ў нас аднолькавыя” – да такой высновы прыйшлі маленькія школьнікі, а агульнае практыкаванне “Падстаў плячо сябру” паказала, што толькі разам мы – апора, сіла, падтрымка і дапамога адно аднаму.

Вучні сярэдніх класаў удзельнічалі ў трэнінгах “Я магу дапамагчы”. Спецыяльна арганізаваныя практыкаванні “Пачуй мяне праз навушнікі”, “Паглядзі праз цёмныя акуляры” дапамаглі дзецям адчуць на сабе, як няпроста бывае зрабіць простыя рэчы. Школьнікі папрактыкаваліся ў тым, што асабіста яны могуць зрабіць для чалавека, які апынуўся ў складаным становішчы, каб палегчыць сітуацыю.

Вучні старшых класаў прагледзелі відэафільмы пра знакамітых людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, якія, нягледзячы ні на што, змаглі дасягнуць высокіх поспехаў і сталі сусветнавядомымі. Гісторыя нашага земляка Аляксея Талая – таму прыклад. Яго шчыры аповед пра тое, з чым давялося сутыкнуцца ў жыцці, пра падтрымку бацькоў і сяброў, пра шлях да высокіх перамог не пакінулі раўнадушнымі нікога з прысутных і паказалі, што дасягнуць сваёй мэты можна ў любым выпадку, а залежыць гэта ад сілы духу, жадання і людзей, якія цябе акружаюць.

Члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” падрыхтавалі тэматычныя буклеты для жыхароў аграгарадка і ўручылі сувеніры людзям з інваліднасцю, сярод якіх ёсць выпускнікі ўстановы.

Увогуле ў нашай краіне робіцца шмат для стварэння безбар’ернага асяроддзя. І наша школа не выключэнне. Пандусы, кнопкі выкліку, таблічкі-пунктаграмы і многа іншага – абавязковыя рэчы ў дзяржаўных установах. Усе людзі павінны мець роўныя магчымасці і не адчуваць нязручнасці ні ў якіх выпадках.

Увесь калектыў установы далучыўся да акцыі “Анёл у тваім сэрцы”. Сродкі, якія будуць сабраны падчас правядзення акцыі, плануецца накіраваць на дабрачынны рахунах для патрэб дзяцей-інвалідаў.

Давайце паважаць адно аднаго і давайце будзем больш уважлівымі да людзей, якія маюць абмежаванні ў здароўі, не толькі напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў, а і кожны дзень!

 

Наталля БАКУНОВА,
настаўнік-дэфектолаг
Міжэвіцкай сярэдняй школы
Слонімскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий