З мэтай павышэння псіхалагічнай кампетэнтнасці навучэнцаў, педагогаў, бацькоў і стварэння ва ўстанове адукацыі ўмоў для захавання і ўмацавання псіхалагічнага здароўя, аказання псіхолага-педагагічнай падтрымкі ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу ў Доцішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна праведзены тыдзень псіхалогіі “Вясёлка каляровага настрою”.
Адным з нязменных і дзейсных відаў узаемадзеяння з’яўляюцца псіхалагічныя акцыі. Яны ствараюць у школе пэўны настрой, дамінуючы эмацыянальны стан. Школа становіцца адзіным цэлым, а людзі, якія знаходзяцца ў ёй, – блізкімі і цікавымі суразмоўцамі.
Псіхалагічная акцыя “Вясёлка настрою” дазволіла ўнесці яркі колер у звыклы вобраз. Кожны дзень тыдня быў прысвечаны вызначанаму колеру вясёлкі, і навучэнцы змаглі з дапамогай каляровай гамы ў вопратцы адлюстраваць сваю індывідуальнасць.
У рамках правядзення тыдня псіхалогіі навучэнцам прапанавалі паўдзельнічаць у акцыях: “Падзяліся сваімі сакрэтамі здаровага ладу жыцця”, “Карысныя парады на кожны дзень”, “Ліст у будучыню”, “Псіхалагічны школьны “плот”.
Малодшым школьнікам у рамках правядзення тыдня псіхалогіі прапанаваны музычныя хвілінкі-разрадкі “Хачу патанчыць”. Пад вясёлую музыку дзеці змаглі адпачыць паміж вучэбнымі заняткамі і павесяліцца. Відэаперапынкі “МУЛЬТ-псіхалогія” дазволілі навучэнцам прааналізаваць паводзіны ў розных жыццёвых сітуацыях на прыкладзе мультыплікацыйных герояў.
Творча падышлі вучні да стварэння фотакалажаў “Розны я, і такія розныя эмоцыі”, што дазволіла ўсім палюбавацца маляўнічай “эмацыйнай” фотагалерэяй. На працягу тыдня псіхалогіі дзейнічаў кансультацыйны пункт “А я хачу спытаць пра…”. Усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу змаглі задаць педагогам і спецыялістам сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы школы пытанні, якія цікавяць.
Заняткі спрыялі развіццю камунікатыўных уменняў, узняццю агульнага эмацыйнага тонусу, атрыманню станоўчых эмоцый, псіхалагічнай разгрузкі. Яны праходзілі ў дружнай, вясёлай, нязмушанай абстаноўцы. Дыягнастычная арт-хвілінка “Намалюй сябе ці Хто я?” была накіравана на раскрыццё сваіх індывідуальных асаблівасцей. Навучэнцам прапанавалі паўдзельнічаць у псіхалагічным цюнінгу “#БЫТЬЧЕЛОВЕКОМ”, круглым стале “Тэрыторыя адносін: як не страціць адно аднаго”, занятку з элементамі трэнінгу “Як быць: страх і трывога?”.
Па выніках тыдня псіхалогіі ў рамках вызначэння псіхалагічнага партрэта “Самы-самы” былі адзначаны дыпломамі педагогі, навучэнцы і класы ў намінацыях: “Самы добры”, “Самы адказны”, “Самы ўважлівы”, “Самы актыўны”, “Самы яркі”.
У тыдні псіхалогіі выкарыстаны розныя напрамкі: дыягностыка, асвета, карэкцыйна-развіццёвая, прафілактычная і кансультатыўная дзейнасць. Мерапрыемствамі тыдня былі ахоплены вучні, педагогі і бацькі. Дзякуючы дзіцячай актыўнасці і зацікаўленасці дарослых тыдзень прайшоў з карысцю для ўсіх.
Антаніна СЦЕНЧЫК,
педагог-псіхолаг
Доцішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна