Педагогіка — назаўсёды

- 17:59ЧИТАЙТЕ В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Уладзімір Анесціевіч Плецюхоў нарадзіўся ў Варонежскай вобласці Расіі, але ўсё яго жыццё звязана з Беларуссю. Тут ён атрымаў сярэднюю і вышэйшую адукацыю, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, прайшоў шлях ад выкладчыка інстытута да рэктара ўніверсітэта і дэпутата парламента.

З дакладнымі навукамі будучы доктар фізіка-матэматычных навук пасябраваў яшчэ ў школе. У
1960-я гады ў савецкім грамадстве панаваў культ навукі і тэхнікі, таму цалкам заканамерна, што цікаўны і дапытлівы юнак, акрылены палётам Ю.А.Гагарына ў космас, выбраў для працягу адукацыі фізічны факультэт БДУ (спецыяльнасць “Тэарэтычная і матэматычная фізіка”).

Пасля аспірантуры Уладзімір Анесціевіч прыйшоў у 1970 годзе ў тагачасны Брэсц­кі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна (сённяшні БрДУ імя А.С.Пушкіна), дзе выкладае да гэтага часу. Нават актыўная грамадска-палітычная дзейнасць не змагла надоўга адарваць яго ад навукі: на працягу 1996—1999 гадоў ён узначальваў Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. З 1999 да 2002 года быў рэктарам БрДУ імя А.С.Пушкіна. Цяпер прафесар кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі.

Сфера навуковых інтарэсаў Ула­дзіміра Анесціевіча — тэарэтычныя даследаванні ў галіне класічнай і квантавай тэорыі поля, фізікі элементарных часціц. Яго доктарская дысертацыя прысвечана вывучэнню рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў з кратнымі прадстаўленнямі і ўнутраных ступеней свабоды часціц. Вялікую ролю ў прафесійным станаўленні маладога навукоўца адыграў акадэмік Акадэміі навук БССР Герой Сацыялістычнай Працы Фёдар Іванавіч Фёдараў, якому ён вельмі ўдзячны.

У.А.Плецюхоў удзельнічаў у выкананні заданняў Дзяржаўных праграм фундаментальных і навуковых даследаванняў “Палі і часціцы” (2007—2010 гады) і “Канвергенцыя” (2011—2013, 2014—2015 гады), а таксама заданняў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў па тэме “Апісанне сіметрый і эфектаў узаемадзеяння спінавых часціц у мнагакампанентным падыходзе” (2013—2015 гады).

У навуковай дзейнасці прафесару больш за ўсё падабаецца атрымліваць вынік, да якога ён прыйшоў цаной вялікіх намаганняў і творчага пошуку. Менавіта ў гэтым яго каштоўнасць. У дакладных навуках лёгкіх перамог не бывае.

У.А.Плецюхоў прызнаецца, што выкладчыцкая дзейнасць яму падабаецца ўсё ж больш, чым навуковая. Але пры гэтым ён заўсёды памятае: каб быць добрым педагогам, варта пастаянна развівацца і самаўдасканальвацца, не спыняцца на дасягнутым. У зносінах з моладдзю Ула­дзімір Анесціевіч вельмі цэніць зваротную сувязь. Асабліва прыемна яму чуць словы падзякі ад нядбайных студэнтаў. 

Прафесійныя дасягненні У.А.Плецюхова адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Сярод іх — медаль Францыска Скарыны, нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Беларусі”, ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства адукацыі БССР і Беларусі, Нацыянальнага сходу Беларусі, Брэсцкага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Уладзімір Анесціевіч — правадзейны член Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы (Масква). 

Трэба адзначыць, што У.А.Плецюхоў заўсёды ўдала спалучаў навуковую і грамадскую дзейнасць. Навуковы аўтарытэт, лідарскія здольнасці і павага людзей дазволілі яму стаць дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання, а затым і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 1-га склікання. 

На гэтай пасадзе праявіліся лепшыя чалавечыя якасці У.А.Плецюхова: настойлі­васць у дасягненні пастаўленых мэт, увага да праблем выбаршчыкаў, адказнасць за даручаную справу, грамадзянская муж­насць у адстойванні народных і дзяржаўных інтарэсаў, прычым не толькі ў галіне адукацыі. Уладзімір Анесціевіч быў дэлегатам І і ІІ Усебеларускага народнага сходу.

— У палітыку пайшоў не ад добрага жыцця, — прызнаецца Уладзімір Анесціевіч. — Калі адчуў, што Радзіма ў небяспецы, рашуча ўступіў у палітычную барацьбу, каб адстаяць дасягненні, здабытыя пакаленнямі савецкіх лю­дзей. Дзеля гэтага нават давялося на пэўны час адысці ад навуковай і выкладчыцкай дзейнасці. Грамадзянскі абавязак у той час быў вышэй за ўсё. Але калі сітуацыя нармалізавалася, я з вялікай ра­дасцю вярнуўся да любімых заняткаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий