Тэхналогію візуалізацыі абмеркавалі педагогі Іўеўскай сярэдняй школы

- 12:03ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Іўеўскай сярэдняй школе ў рамках унутрышкольнай метадычнай вучобы настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў групы падоўжанага дня адбылося паседжанне “Візуалізацыя вучэбнай інфармацыі як неад’емная частка працэсу навучання”.

Мэта мерапрыемства – уключэнне настаўнікаў пачатковых класаў у дзейнасць па засваенні і рэалізацыі ў адукацыйнай практыцы тэхналогіі візуалізацыі вучэбнай інфармацыі, якая садзейнічае асэнсаванаму засваенню вучнямі навучальнага матэрыялу.

На тэарэтычным этапе ўдзельнікі метадычнага аб’яднання пазнаёміліся з тэхнікамі візуалізацыі навучальнай інфармацыі, іх характарыстыкай (інтэлект-карты, табліцы, схемы, кросенс, воблака слоў, інфаграфіка, скрайбінг, таймлайн і інш.).

Даўно даказаны той факт, што чалавек больш за 80 % інфармацыі ўспрымае візуальна. А даследчыкі ў галіне адукацыйных методык выявілі, што праз тры дні пасля правядзення лекцыі слухачы ў стане ўспомніць 10 % ад усяго пачутага, 35 % – ад усяго ўбачанага, але могуць прайграць 65 % зместу прэзентацыі, калі яна праходзіла ў выглядзе вуснага апавядання, падмацаванага візуальнымі вобразамі.

Чалавек, зрок якога забяспечвае яму каля 90 % інфармацыі, заўсёды імкнуўся да нагляднасці. У гэтым змаглі ўпэўніцца настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі групы падоўжанага дня на практыцы, калі наведалі вучэбны занятак па прадмеце “Чалавек і свет” у 2 “Б” класе па тэме “Лекавыя расліны Беларусі”. Настаўніца пачатковых класаў І.І.Станчык прадэманстравала на ўроку магчымасці выкарыстання сучасных метадаў візуалізацыі інфармацыі як аднаго са сродкаў рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока. Прымяненне візуальных тэхнік (схем, табліц, кластара, ілюстрацый, прэзентацыі, навучальнага відэа) на ўроку дало шэраг пераваг: чаргаванне відаў дзейнасці, спосабаў падачы інфармацыі, якія дазволілі актывізаваць розныя каналы ўспрымання. Даследчая гульня “Мы – фармацэўты”, падрыхтоўка гарбаты з лекавых раслін, выраб сашэ ўнеслі творчы пачатак у працэс навучання.

Настаўнікі ўпэўніліся ў эфектыўнасці выкарыстання кагнітыўных сродкаў візуалізацыі вучэбнага матэрыялу ў адукацыйным працэсе на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

 

Таццяна ГРЫШКЕВІЧ,
кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання
настаўнікаў пачатковых класаў
Іўеўскай сярэдняй школы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий