Астранамічная пляцоўка сярэдняй школы № 28 Магілёва з’яўляецца сёння адзіным месцам у горадзе, дзе можна атрымаць навуковыя звесткі пра аб’екты Сонечнай сістэмы і пра космас у цэлым.
Незвычайны для навучальнай установы аб’ект дзейнічае ў школе ўжо пяты год. Стварыць яго атрымалася дзякуючы перамозе ў конкурсе сацыяльных праектаў “Social Weekend”.
Сёння астранамічная пляцоўка адкрыта для ўсіх жадаючых. Навучэнцы разам з настаўнікамі праводзяць шэраг асветніцкіх акцый і мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых. Ужо сталі традыцыйнымі “Міжнародны дзень астраноміі”, вячэрнія назіранні за нябеснымі з’явамі, пазнавальныя гутаркі і экскурсіі для малодшых школьнікаў і іх бацькоў, займальныя ўрокі па астраноміі, фізіцы, геаграфіі, фестывалі паветраных змеяў. Заўсёды асабліва шмат зацікаўленых наведвальнікаў у нас на Дзень ведаў. Падчас усіх мерапрыемстваў нашы вучні з энтузіязмам адказваюць на пытанні, дэманструюць усім зорны парасон, тэлескопы і іншыя інструменты, праводзяць віктарыны і гульні.
Пляцоўка дапамагае весці дэталёвыя назіранні за важнымі астранамічнымі падзеямі. Разам з дзецьмі мы сачылі за поўным месяцовым зацьменнем, вялікім супрацьстаяннем Марса, сонечным зацьменнем.
Наша каманда валанцёраў-астраномаў арганізуе рэгулярныя выязныя акцыі з “Альтанкай Астранома”. З ёй мы вандруем па мікразоне школы па вуліцы Ямніцкай і былі на свяце “Вялікі гарадскі пікнік”. У красавіку ідэя з альтанкай была прадстаўлена на гарадскім мерапрыемстве, прысвечаным Дню касманаўтыкі. Падчас такіх выездаў вучні пастаянна распаўсюджваюць інфармацыйныя буклеты, магніцікі і лістоўкі, якія змяшчаюць цікавыя факты пра космас.
Усе пяць гадоў існавання астранамічная пляцоўка бесперапынна ўдасканальваецца. Абнаўляюцца інфармацыйныя стэнды і мадэрнізуюцца экспанаты: мадэль нябеснай сферы, гноман, флюгер, сонечны гадзіннік, пояс Задыяка.
Значна, што зараз пляцоўка перайшла ў разрад аб’екта, на базе якога навучэнцы займаюцца даследчай дзейнасцю. Вынікам становіцца паспяховы ўдзел у розных навуковых конкурсах. Так, гэтай восенню навучэнцы Эдуард Радзькоў і Крысціна Куляшова з работай “Рух свяцілаў і час” перамаглі на гарадскім і абласным этапах конкурсу работ даследчага характару, а таксама заваявалі прызавы дыплом на навукова-тэхнічным конкурсе саюзнай дзяржавы “Таленты XХI стагоддзя”.
Наша астранамічная пляцоўка – гэта месца, якое можа дапамагчы любому чалавеку зрабіць крок ад астранамічнага невуцтва, а сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць нават у перыяд пандэміі прыцягваць увагу да праблем космасу.
Валянціна ДРАГАЛЬЧУК,
настаўнік фізікі і астраноміі
сярэдняй школы № 28 Магілёва