Днямі адзначалася 130-годзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Да юбілейнай даты далучыліся і вучні 9 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды, якія ў гэты дзень наведалі Дом Валянціна Таўлая пры Лідскім гісторыка-мастацкім музеі.
Падлеткі, якія ўжо вывучалі творы пісьменніка на ўроках беларускай літаратуры і завочна знаёміліся з яго творчасцю, былі запрошаны на інтэрактыўнае мерапрыемства “У бібліятэчны свет запрашае Паэт!”.
З самага першага моманту, калі юнакі і дзяўчаты завіталі ў пакой, склалася сапраўднае ўражанне, што яны апынуліся ў творчай майстэрні пісьменніка: мэбля, кнігі, карціны, друкарская машынка – усё гэтае і шмат іншага надавала такое пачуццё, што зараз вось-вось у кабінет зойдзе яго гаспадар.
Так і адбылося: гаспадар майстэрні, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун, запрасіў вучняў у падарожжа ў мастацкі свет Максіма Багдановіча. Разам з Алесем Часлававічам школьнікі здзейснілі вандроўку: наведалі завочна Мінск, дзе нарадзіўся юбіляр, Гродна, дзе некаторы час пражываў разам з сям’ёй, Яраслаўль – там ён атрымаў адукацыю, Вільню, дзе выйшаў адзіны зборнік вершаў “Вянок”, Ялту, дзе паэт знайшоў апошні прытулак.
Увазе падлеткаў былі прадстаўлены цікавыя факты з жыцця Максіма Багдановіча, успаміны тых людзей, хто калісьці ведаў класіка. Гучалі ў творчай майстэрні паэта і песні на яго вершы, але не проста аўдыязапісы, а ўсе разам школьнікі з асалодай падпявалі лірычным мелодыям. Унікальным момантам стала, безумоўна, магчымасць патрымаць у руках і пагартаць старонкі факсімільнага выдання зборніка “Вянок”. Кожны ў гэты момант мог уявіць сябе сапраўдным госцем на дні нараджэння ў мастака слова. А які дзень нараджэння без салодкіх прысмакаў? Таму ўсіх пачаставалі цукеркамі “ад паэта”. Пажаданні, у якасці якіх былі выказванні з вершаў юбіляра, кожны вучань уласна выбраў з прапанавай лазовай вазы.
Напрыканцы мерапрыемства школьнікі ўспомнілі тыя куткі Беларусі, дзе яны ўжо калісьці мелі магчымасць пазнаёміцца з жыццём і літаратурнай спадчынай Максіма Багдановіча. Гэта і літаратурны музей пісьменніка ў Мінску, і велічны помнік каля тэатра оперы і балета, і крыпта храма-помніка Усіх Святых, дзе захоўваецца крыштальны посуд з зямлёй, прывезенай з Ялты, з месца, дзе пахаваны паэт.
Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 9 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды