“Арт-панарама Расія 2021” – умацаванне сяброўства і добрасуседства Беларусі і Расіі  

- 12:00Проекты

Больш за 450 удзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі аб’яднаў Міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Арт-панарама Расія 2021”, які праходзіў у расійскай сталіцы з 9 па 11 снежня.

Праект “Арт-панарама Расія – Беларусь” стартаваў пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Яго арганізатарамі выступілі культурна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Арт-панарама” і турысцка-інфармацыйны цэнтр “Ілва” (Беларусь), аргкамітэт Міжнароднага фестывалю-конкурсу рускай культуры “Вытокі” (Расія). У прывітанні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы на адрас удзельнікаў, арганізатараў і гасцей фестывалю-конкурсу асобна адзначаны важкі ўклад, які ўносіць мерапрыемства ў папулярызацыю беларускай і расійскай культуры, выхаванне ў падрастаючага пакалення паважлівага стаўлення да традыцый нашых народаў, развіццё партнёрскіх сувязей, умацаванне сяброўства і ўзаемаразумення паміж моладдзю дзвюх краін.

       

Праграма “Арт-панарамы Расія 2021” атрымалася насычанай і змястоўнай, багатай на падзеі і яркія ўражанні. Беларускія ўдзельнікі прыбылі ў Маскву фестывальным экспрэсам з Мінска і Оршы – а праз некалькі гадзін іх ужо чакалі конкурсныя выступленні ў Маскоўскім доме нацыянальнасцей.

Журы ўзначалілі народная артыстка Расіі Надзея Крыгіна і заслужаны артыст Расіі кампазітар Уладзімір Міхайлаў. Увечары юных артыстаў, мастакоў, дызайнераў і блогераў запрасілі наведаць знакаміты Маскварыум, раніцай наступнага дня – Музей касманаўтыкі. Невялікі перапынак – і трэба было спяшацца ў Дзелавы і культурны комплекс Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, дзе разгарнуліся асноўныя падзеі фестывалю-конкурсу. Пачаўся творчы нон-стоп з адкрыцця выставы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Як паведаміла кіраўнік турысцка-інфармацыйнага цэнтра “Ілва” Алена Паднябеснава, на ацэнку журы было прапанавана 65 работ.

Ідэі шчаслівага дзяцінства і добрасуседства

Папярэдне конкурсныя адборы праводзіліся ва ўстановах адукацыі. Некаторыя з іх прымеркавалі і рэалізавалі да фестывалю-конкурсу творчыя праекты: у Маскву адправіліся работы пераможцаў. Напрыклад, прадстаўнікі аб’яднанняў па інтарэсах Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна пакарылі экспертаў арыгінальным праектам “Школьная пара”. Вынік красамоўны: дыпломамі І ступені ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” адзначаны навучэнцы Глеб Цішко (педагог Ларыса Пятрэнка), Ксенія Бурак (педагог Святлана Бурак), Элада Цвірко (педагог Анастасія Рускевіч), у намінацыі “Выяўленчае мастацтва” – Паліна Галадок, Марыя Барадач, Ангеліна Геласімава (педагог Анжэла Рускевіч) і Мілана Марчанка (педагог Ларына Фалалеева). Талент, майстэрства і адметнае мастацкае бачанне вылучылі работы навучэнцаў узорнай студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам Ларысы Здор: Марыя Шарунова, Віктар Гаўрыленка, Аляксей Яфрэменка прынеслі ў скарбонку Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі тры дыпломы І ступені. На адну такую ж узнагароду больш на рахунку навучэнцаў Дзіцячай школы мастацтваў № 3 Віцебска “Маладзік” (у ліку лаўрэатаў вучні Вольгі Сіўцовай Ларыса Валец, Валерыя Пляшкова, Дар’я Камовіч, а таксама Вераніка Рабенка – яе настаўнік Кацярына Цыганова) і Дзіцячай мастацкай школы Віцебска (зорную каманду ў складзе Марыі Каральковай, Дар’і Чарнецкай, Давіда Мазько, Марыі Быстровай падрыхтавала педагог Наталля Гулідава).

Творы школьнікаў увасобілі блізкія кожнаму ідэі шчаслівага дзяцінства, міру, сяброўства, добрасуседства, адлюстравалі аўтарскае бачанне непарыўных гістарычных і культурных повязей, што пераплецены ў лёсах многіх пакаленняў беларусаў і расіян. Па прапанове члена журы Святланы Небянскай-Бухтаевай было прынята рашэнне паказаць выставу на іншых пляцоўках, і цяпер у перыяд навагодніх і калядных святаў з ёй маюць магчымасць азнаёміцца масквічы і госці сталіцы.

А ў намінацыі “Журналістыка/блогерства” трыумфальна выступілі віцябляне – навучэнцы студыі Ксеніі Асмалоўскай “Таленавітыя дзеці”: Мацвей Паўлаў (сюжэт “На пленэры ўсё цікава”), Арцём Калодзік (сюжэт “Мой горад. Тры ракі”), Аляксандра Бабіцкая (сюжэт “Людзі майго горада. Марк Шагал”), Ганна Бялей (інтэрв’ю “Людзі майго горада. Глеб Лапіцкі – дырэктар фестывалю “Славянскі Базар”) – лаўрэаты І ступені.

Феерыя на сцэне і зорны час пераможцаў

На гала-канцэрце “Дзве сястры – Беларусь і Расія” арганізатараў фестывалю, юных артыстаў і шматлікіх гледачоў віталі саветнік Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Сяргей Шарамецьеў, саветнік-пасланнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Вадзім Сянюта, начальнік упраўлення па Паўднёва-Усходняй адміністратыўнай акрузе Камітэта грамадскіх сувязей і маладзёжнай палітыкі горада Масквы Антаніна Фралова і намеснік дырэктара Маскоўскага дома суайчынніка Уладзіслаў Курнушка.

Авацыяй стоячы зала сустрэла беларуску і расіянку, дзякуючы ініцыятыўнасці, прафесіяналізму, невычарпальнай творчай энергіі якіх нарадзіўся міжнародны праект – дырэктара турыстычнай фірмы “Ілва” Ларысу Пятроўскую і прэзідэнта Міжнароднага фестывалю-конкурсу рускай культуры “Вытокі” Кацярыну Сяргееву. “Вялікія справы робяць прыгожыя людзі – прыгожыя душой, думкамі, справамі, – падкрэсліў Сяргей Шарамецьеў. – Кантактуючы сёння з міністэрствамі культуры дзвюх краін, мы бачым, што правядзенне падобных фестываляў – пакуль рэдкасць, але тым каштоўней яркі прыклад, калі арганізатарам, нам усім разам удалося здзейсніць амаль немагчымае. Спадзяемся, што ў бліжэйшай будучыні фестывальнае жыццё закаласіцца, як раней”.

       

Акрамя лепшых вакальных, інструментальных, харэаграфічных конкурсных нумароў, у праграму гала-канцэрта ўвайшлі выступленні прафесійных выканаўцаў – сапраўдны майстар-клас на сцэне! Моцныя глядацкія сімпатыі выклікалі выступленні артыста эстрады Леоша Любіча і народнай артысткі Расіі Наталлі Баннавай. Свой сюрпрыз – адразу дзве прэм’еры песні – падрыхтаваў старшыня журы конкурсу заслужаны артыст Расіі кампазітар Уладзімір Міхайлаў.

Працягам неверагоднай канцэртнай феерыі і кульмінацыяй фестывальных падзей стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў. Журы прыняло рашэнне прысудзіць адразу два гран-пры. Першы застаўся ў расійскай сталіцы: галоўным прызам фестывалю адзначана калекцыя “Рускі трэнд”, прадстаўленая Маскоўскай гарадской творчай студыяй тэатрам моды “Лабараторыя “Дызайн-Мода” цэнтра пазашкольнай работы “На Сумскім” (кіраўнікі Гузель Зайнуліна, Таццяна Саламаціна). Другі адправіўся на Віцебшчыну: найвышэйшыя адзнакі журы атрымала конкурснае акапэльнае выступленне навучэнкі Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Варвары Калесніковіч (кіраўнік Нэлі Бароўская). Дарэчы, вакальная група ўзорнага ансамбля танца і песні “Прыдзвінскія россыпы” Цэнтра культуры горада Наваполацка, якой кіруе Нэлі Леанідаўна, узнагарождана дыпломам лаўрэата І ступені ў намінацыі “Вакальна-харавая творчасць”, а салісты групы Вадзім Пазняк і Варвара Бароўская адзначаны дыпломамі ІІ ступені. Важкую калекцыю ўзнагарод сабралі навучэнцы Міханавіцкай сярэдняй школы Мінскай вобласці, якія пад кіраўніцтвам Юліі Горбач займаюцца ў студыі эстраднага вакалу “Пунсовыя ветразі”: дыплом І ступені ў Веранікі Жаўняк (сола), дыпломы ІІ ступені ва ўзроставай групе 10–13 гадоў у Веранікі Загарулі, Дар’і Леаненкі і Елізаветы Васіленкавай (кожная – сола), дыпломы ІІІ ступені – у трыа ў складзе Кацярыны Лобач, Лізаветы Васіленкавай і Кацярыны Казак, а таксама ў Кацярыны Лобач (сола). У намінацыі “Інструментальная творчасць” запомніліся цудоўныя выступленні студэнта Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Канстанціна Міхалёнка (саксафон, кіраўнік Сяргей Голуб) і ансамбля “Па-за часам” Ваўкавыскай дзіцячай школы мастацтваў (“Беларускі танец” з “Палескай сюіты” Яўгена Глебава, кіраўнік Наталія Гаршкова).

У рамках фестывалю-конкурсу “Арт-панарама Расія 2021” адбыліся творчыя сустрэчы, майстар-класы, прэзентацыі, прэм’еры, выставы і шэраг іншых мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны народаў Беларусі і Расіі, умацаванне сяброўства і добрасуседства, пашырэнне партнёрскіх творчых кантактаў у межах агульнай культурна-адукацыйнай прасторы, садзеянне духоўнаму яднанню брацкіх народаў.

 

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий