У пачатку снежня навучэнцы Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы прымалі ўдзел у тыдні па вучэбным прадмеце “Матэматыка”, які праводзіўся з мэтай развіцця пазнавальнай цікавасці, індывідуальных, творчых і інтэлектуальных здольнасцей школьнікаў.
Вучні 1–4-х класаў з задавальненнем удзельнічалі ў розных конкурсах, матэматычных гульнях: “Лепшы рахункавод”, “Гімнастыка для розуму”, “Краіна Геаметрыя”, “Матэматыка ў прыказках і прымаўках”. Для навучэнцаў 3–4-х класаў быў прапанаваны праект “Матэматыка ў нашым жыцці”. Дзеці расказалі пра лічбы і іх ролю ў жыцці людзей, пра тое, як звязана іх асабістае жыццё з некаторымі лічбамі.
Пры выбары заданняў розных матэматычных конкурсаў засяроджвалася ўвага на іх практычным змесце. Неабходна было паказаць навучэнцам, што матэматыкай пранізана ўсё наша жыццё.
Пры падвядзенні вынікаў прадметнага тыдня заўважана, што ў многіх дзяцей, якія ў звычайных умовах зорак з неба не хапаюць, падчас удзелу ў мерапрыемствах выяўляліся матэматычныя здольнасці, хай нават пры вырашэнні адной задачы.
Тыдзень прайшоў вельмі хутка. Яго вынікам стала мноства перамог, адкрыццяў і здзяйсненняў. На ўрачыстай лінейцы ўдзельнікі мерапрыемстваў былі ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі. Хочацца верыць, што кожны вучань атрымаў задавальненне і радасць ад удзелу ў тыдні матэматыкі.
Жанна ГРЫШАН,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы
Смаргонскага раёна