Гэтымі днямі ў Мінскім раёне для 230 самых маленькіх жыхароў аграгарадка Калодзішчы гасцінна расчыніў свае дзверы каладзішчанскі яслі-сад № 4 “Прыступкі дзяцінства”.
Сярод гасцей, якія сабраліся павіншаваць мясцовых жыхароў з доўгачаканым адкрыццём, — намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко, начальнік упраўлення па адукацыі Мінскага раёна Людміла Лукша. Навасёлы пачулі не толькі добрыя словы, але, як і належыць, атрымалі падарункі: сертыфікаты на набыццё мультыборда і тэхнікі для ўборкі памяшканняў.
— За апошнія два гады ў Мінскай вобласці адкрылася 14 дашкольных устаноў, 4 школы, абсталяваныя ўсім неабходным, як і гэты сучасны будынак, — адзначыў Іван Маркевіч на цырымоніі адкрыцця. — Насельніцтва рэгіёна павялічваецца, сёння мы робім усё магчымае, каб забяспечыць усе катэгорыі грамадзян неабходнымі сацыяльнымі аб’ектамі. Будуем дзіцячыя сады, школы, паліклінікі, фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры, імкнучыся стварыць такія ўмовы, каб і дарослыя, і дзеці з задавальненнем іх наведвалі.
У новым маляўнічым будынку дзіцячага сада 12 групавых памяшканняў, фізкультурная, трэнажорная і музычная залы, басейн, камп’ютарны клас, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага, медыцынскі блок і харчаблок. Створана безбар’ернае асяроддзе для дзетак з асаблівасцямі развіцця.
У дзіцячай установе будуць працаваць тры рэсурсныя цэнтры. Для малых ёсць усе ўмовы, каб падрыхтоўка да школы праходзіла камфортна і дзіця набыло неабходныя веды, уменні і ўяўленні.
У рэсурсным цэнтры па фінансавай дасведчанасці маленькія выхаванцы змогуць спасцігнуць асновы эканамічнай культуры, азнаёміцца з паняццямі “грошы”, “крэдыт”, “сямейны бюджэт”, прымераць на сябе ролю кансультанта банка або наведвальніка, гуляючы з банкаматам і тэрміналам. Таксама тут ёсць усе неабходныя гульні, метадычныя дапаможнікі, дыдактычныя лэпбукі па падрыхтоўцы дашкольнікаў да алімпіяды па фінансавай дасведчанасці.
У рэсурсным цэнтры “Азбука бяспекі” дзеці будуць знаёміцца з асновамі медыцынскай дапамогі, правіламі пажарнай бяспекі і дарожнага руху. Для гэтага тут прадугледжана мноства цудоўных гульняў і прыстасаванняў: на “жывой” сцяне размешчаны інтэрактыўныя перасовачныя магнітныя плакаты, якія папярэджваюць аб небяспецы, што можа падпільноўваць як дома, так і на вуліцы, на інтэрактыўным стале можна пагуляць у хадзілкі-брадзілкі, а праз экран весела вывучаць асновы бяспекі з мульцяшнымі героямі.
У кабінеце педагога-псіхолага мамы і таты змогуць атрымаць прафесійную кансультацыю і рэкамендацыі па хвалюючых іх пытаннях выхавання: як пераадолець крызіс трох гадоў, што рабіць, калі дачка ці сын праяўляе агрэсію або чагосьці баіцца, не хоча кантактаваць з аднагодкамі і г.д. Вядома ж, псіхалагічную дапамогу пры неабходнасці атрымае і кожнае дзіця.
Адкрыцця дзіцячага сада з нецярпеннем чакалі мамы і таты, бабулі і дзядулі, якім больш не прыйдзецца вазіць дзяцей у сталічныя дашкольныя ўстановы.
— У нас двое дзетак садаўскага ўзросту: 5-гадовы Берк і 3-гадовая Вера, — расказваюць мнагадзетныя бацькі Вікторыя і Васіль Фраловы, у якіх падрастаюць тры сыны і дачка. — Сёння трое дзяцей тут з намі ўпершыню на экскурсіі, і ім усё вельмі падабаецца, нават ісці дадому не хочуць. Асабліва малых уразілі трэнажорная і спартыўная залы са шматлікім інвентаром: маленькімі гантэлямі, батутамі, трэнажорамі, спартыўнай сценкай, шматфункцыянальнай сэнсарнай дарожкай. Дзеці вельмі рухавыя, а тут ім будзе дзе разгуляцца.
Садок быў вельмі патрэбны многім маладым сем’ям аграгарадка, і цяпер праблема недахопу дашкольных устаноў адукацыі вырашана.
Як заўважыў Мікалай Башко, на Міншчыне па такім праекце пабудаваны 7 дашкольных устаноў. Яны аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, выдатным адукацыйным асяроддзем і разнастайнымі гульнявымі комплексамі. А ў наступным годзе чакаецца ўвод у эксплуатацыю яшчэ трох устаноў адукацыі: школы ў Смалявічах на 720 месцаў, дзіцячага сада ў Фаніпалі на 230 месцаў і дашкольнай установы для 130 малых у Любані.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА