Стала ўжо традыцыяй для Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы Смаргонскага раёна ў трэцюю сераду снежня ў рамках акцыі “Нашы дзеці” праводзіць конкурс талентаў “Еўрабачанне”. Сёлета ў ім прынялі ўдзел вучні 2–9-х класаў, паказаўшы свае таленты і творчыя здольнасці.
Як і заўсёды, мерапрыемства выклікала сапраўдную буру эмоцый і непадробнай цікавасці з боку вучняў, педагогаў і бацькоў. Кожны з удзельнікаў марыў пра перамогу і быў яе варты. Перад кожным выступленнем дэманстраваліся відэавізітоўкі на фоне найпрыгажэйшых месцаў краіны, якую прадстаўлялі юныя вакалісты.
Усе ўдзельнікі паказалі цудоўныя вакальныя і артыстычныя здольнасці. І, вядома, неверагоднае імкненне да перамогі. Тым не менш, пасля галасавання гледачоў і членаў журы, пераможцам конкурсу стала вучаніца 9-га класа Таццяна Мацаль, прыз глядацкіх сімпатый атрымаў дуэт другакласніц “Смайл” у складзе Таццяны Чыжэўскай і Дзіяны Брытаўчанка, а прыз ад арганізатараў конкурсу дастаўся Валерыі Мікуліч.
Удзельнікі музычнай бітвы, якія не змаглі перамагчы, не засмуціліся, а наадварот, здабылі ўпэўненасць у тым, што ў наступным годзе падрыхтуюцца больш грунтоўна і змогуць выйграць школьнае “Еўрабачанне”, якое стала сапраўдным святам музыкі і весялосці!
Алена ВАРАНІШЧА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна