Святлана ВОЙШЭЛЬ: “Кожны ўрок – гэта добра прадуманая пастаноўка настаўніка-рэжысёра”

- 17:33Персона

Святлана Анатольеўна Войшэль скончыла філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў 2017 годзе, дзе атрымала спецыяльнасць “Беларуская філалогія (дзелавая камунікацыя)”. Першым месцам працы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры стаў Пархімаўскі яслі-сад – базавая школа, а ўжо з 1 верасня 2021 года – яна займае пасаду намесніка дырэктара ўстановы. У Святланы Анатольеўны невялікі працоўны стаж, але ж яна мае даволі багаты вопыт, бо яе прынцып – бесперапыннае развіццё і прафесійны рост.

У 2020 годзе я стала лаўрэатам штогадовай прэміі грамадскіх арганізацый “Паспяховы старт”, якая прысуджаецца маладым педагогам сістэмы адукацыі Гродзенскй вобласці за ўнесены імі ўклад у развіццё ўстановы адукацыі і сістэмы адукацыі рэгіёна, а таксама тым, хто займае актыўную жыццёвую і грамадскую пазіцыю. Сёння я хачу паразважаць пра прызначэнне настаўніка і падзяліцца сваімі сакрэтамі паспяховага прафесійнага старту.

Настаўнікам становяцца ці нараджаюцца?

На мой погляд, прафесія настаўніка адносіцца да ліку ўніверсальных і вечных. Таму на ўзроўні вечных духоўных каштоўнасцей – дабрынёй, спагадай і любоўю – пачынаецца настаўніцкі шлях. “Для добрага навучання”, “у добрых справах і любасці”, паглыбляючыся “у затоеную мудрасць” і раскрываючы яе моц, золата, ядро – вось ён – ключавы і адзіны матыў сапраўднага педагога. Таму вельмі мала быць знаўцам свайго прадмета – важна ведаць усеагульны прадмет – жыццё. Таленавіты педагог, працуючы з кнігай – “лекамі душэўнымі”, павінен быць таленавітым псіхолагам і філосафам. Штодзень маючы выступ ля дошкі – таленавітым акцёрам. У кожным вучню, нібыта зоркім вокам ювеліра, разгледзець бясцэнны брыльянт.

Настаўнік… якое высокае ў яго прызначэнне. Як жа становяцца настаўнікамі? Ці становяцца наогул, а можа, настаўнікам трэба ўсё ж нарадзіцца?! Мой выбар будучай прафесіі быў маім выбарам, бадай, ужо з пачатковых класаў, калі ўпершыню перада мной адчыніліся школьныя дзверы. Няспынна бег час. Колькі сябе памятаю, нават канікуламі і выхаднымі, заўсёды і напоўніцу мяне захапляла гульня ў школу: на бабулінай канапе імправізацыйна рассаджвала маіх першых вучняў – гэта былі плюшавыя мядзведзікі і красуні-лялькі. Мне падабалася быць “настаўнікам”: тлумачыць, сачыць за дысцыплінай, выстаўляць адзнакі ў “журнал”. Я і маё захапленне раслі разам. Хутка гульня “у школку” вырасла ў вялікую мэту – стаць сапраўднай настаўніцай і выхаваць сапраўдных вучняў.

Зразумела, што праца настаўніка, кожны ўрок – гэта ніякая не гульня, а добра прадуманая пастаноўка настаўніка-рэжысёра. Немалую ролю ў маім прафесійным самавызначэнні адыграў яскравы ўзор маёй першай настаўніцы Аксаны Іванаўны Аўдзітоўскай, якая зараз з’яўляецца дырэктарам школы, у якой я працую. На яе ўроках было заўсёды цікава і ўтульна, нечакана-творча і весела, я бачыла, з якім задавальненнем яна жыве сваёй працай. Менавіта яе нестандартны падыход да навучання абудзіў маю любоў да слова, а ў канчатковым выніку, вызначыў галіну маёй прафесіі.

Сакрэты паспяховага старту

Як бы добра будучы педагог не вучыўся ва ўстанове вышэйшай адукацыі, яго нельга разглядаць як прафесіянала. Толькі на практыцы адбываецца авалоданне педагагічным майстэрствам.

Большасць настаўнікаў у школе – гэта добрыя і спагадлівыя людзі. Ваша задача – знайсці сярод іх педагога-настаўніка, які будзе дапамагаць вам удасканальваць свае прафесійныя навыкі.

Галоўная ваша задача – гэта дысцыпліна ў першыя месяцы працы. Знайдзіце агульную мову з дзецьмі і бацькамі. Дзеці вельмі адчувальныя да чужых настрояў. Адчуўшы сумнеў настаўніка ў здольнасці ўціхамірыць клас, яны з радасцю сядуць яму на галаву, і правесці ўрок будзе вельмі складана. Будзьце паслядоўныя ў сваіх патрабаваннях да дзяцей, а ў першую чаргу да сябе. Нельга прыходзіць у школу за пяць хвілін да пачатку ўрока, уцякаць адразу пасля ўрокаў. Не пакідайце без увагі ні адной праблемы, ні аднаго пытання, нават самага маленькага і нязначнага, на ваш погляд.

Выдатнае веданне свайго прадмета і штодзённая якасная падрыхтоўка да ўрокаў. У вучняў не павінна заставацца ніводнай вольнай хвіліны для старонніх спраў падчас урока.

Выконвайце любую працу, якую вам прапануюць. Асабліва гэта тычыцца класнага кіраўніцтва. Гэта цэлая школа жыцця, дзе вам ніколі не будзе сумна.

Не бойцеся гаварыць “не ведаю”. У першыя гады прасіце парады ва ўсіх і з любой нагоды. Не забывайце пра сваю самаадукацыю: курсы павышэння кваліфікацыі, педсаветы, семінары і г. д. З кожнага мерапрыемства трэба здабываць для сябе нешта новае, карыснае.

Мудрая прыказка гаворыць: “Дорогу осилит идущий”. Жадаю вам поспехаў на гэтым шляху.

 

Святлана ВОЙШЭЛЬ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы
Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий