Тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Ад прадзедаў спакон вякоў…” прайшоў у Турэцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Карэліцкага раёна.
Цудоўнаму народнаму мастацтву і майстэрству была прысвечана вандроўка “У госці да нашых мудрых дарадцаў”, у якую адправіліся вучні 5-га класа. Дзеці праходзілі станцыі казак, загадак, прыказак, прымет і павер’яў, “спыняючыся” на якіх выконвалі заданні.
Цікава і займальна прайшла гульня для вучняў 3-га класа “Мая любімая казка”. Вучні расказвалі казкі, інсцэніравалі фрагменты любімых фальклорных твораў, удзельнічалі ў віктарыне “Пазнай героя казкі”, складалі кросэнс “Мая любімая казка”.
Вучні 6–7-х класаў прынялі актыўны ўдзел у этнаграфічным турніры “Скарбы роднага краю”, атрымалі новыя веды і змаглі далучыцца да духоўных скарбаў роднай Беларусі. Асабліва актыўнымі былі шасцікласнікі ў конкурсах “Пазнай асобу”, “Адгадай крыжаванку”, “Скарбы роднага краю”.
Вучні 8–9-х класаў наведалі літаратурную гасцёўню “У паэтычным садзе Максіма Багдановіча”, якая была прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння паэта, палымянага грамадзяніна i патрыёта Беларусі. На свяце гучалі вершы, мелодыі добра знаёмых многім песень на вершы М.Багдановіча, вучні ўдасканальвалі ўменне выразна чытаць мастацкія творы, была арганізавана выстава вучнёўскіх ілюстрацый да твораў паэта-юбіляра.
Тыдзень завяршыўся. Самыя актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі. Вельмі хочацца пажадаць нашым навучэнцам любіць сваю мову, цікавіцца гісторыяй свайго краю, свайго народа, быць сапраўднымі пратрыётамі сваёй Радзімы.
Аксана ПЛЯСКАЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Турэцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Карэліцкага раёна