Нашы на Каўказе

- 16:52В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу гістарычнага факультэта БДУ Андрэй Максімчык доўгі час даследуе беларускі след на Каўказе. Нашы суайчыннікі зрабілі вялікі ўклад у сацыяльна-­палітычныя, эканамічныя і культурныя працэсы ў гэтым рэгіёне. 



Андрэй Максімчык у Дагестане

Беларускія імёны ў гісторыі Каўказа

— Тэма вельмі шырокая, — гаворыць Андрэй Мікалаевіч. — Гэта і перасяленне сялян у ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, ссылка ўдзельнікаў руху супраць царызму, эвакуацыя падчас Першай і Другой сусветных войнаў, выезд інтэлектуалаў на Каўказ у розныя перыяды. Для многіх гэты рэгіён стаў родным домам. Там нашы людзі зрабілі сабе імёны як скульптары, урачы, інжынеры, мастакі… Іх дагэтуль памятаюць і шануюць на Каўказе.

Даследчык расказвае, як па крупінках збіраў матэрыял пра знакамітага скульптара ўраджэнца Магілёўскай губерні Фелікса Хадаровіча. Сёння ў цэнтры Тбілісі стаіць помнік Пушкіну яго работы. Таксама ён з’яўляецца аўтарам помнікаў вядомым грузінскім дзея­чам на гары святога Давіда.

— Пра Фелікса Хадаровіча было вядома няшмат, і я 6 гадоў метадычна ў розных архівах шукаў звесткі пра яго, — гаво­рыць Андрэй Максімчык. — Высветлілася, што наш зямляк заснаваў Каўказскае таварыства заахвочання вытанчаных мастацтваў, адкуль потым пайшлі вядомыя грузінскія, армянскія, азербайджанскія, паўночнакаўказскія мастакі. Па сутнасці, Фелікс Хадаровіч даў пачатак акадэмічным мастацкім школам у гэтым рэгіёне.

Тое, што Эльбрус — найвышэйшы пункт Еўропы, даказаў таксама ўраджэнец Беларусі. Інжынер Баляслаў Статкоўскі з-пад Пінска будаваў на Каўказе чыгункі.

— Падчас будаўніцтва Статкоўскі зразумеў, што яму не хапае звестак пра клімат і геаграфію рэгіёна, і напісаў вялікую манаграфію “Задачы кліматалогіі Каўказа”, — расказвае Андрэй Мікалаевіч. — У сваёй працы ён указаў, што найвышэйшы пункт нашага кантынента не Манблан, як многія лічылі, а Эльбрус. Гара знаходзіцца на поўначы ад Галоўнага Каўказскага хрыбта, а значыць, геаграфічна адносіцца да Еўропы.

Адзін з заснавальнікаў бальнеалогіі і курорталогіі ў Расіі прафесар Фёдар Пастарнацкі таксама наш зямляк, родам з Дукоры Ігуменскага павета Мінскай губерні. Кажуць, гэта ён запатэнтаваў лячэбныя ўласцівасці вод “Есентукі” і “Баржомі”.

— Працуючы ў Кіславодску, Фёдар Пастарнацкі заявіў, што Расійская імперыя няправільна ажыццяўляе перасяленне лю­дзей на Каўказ, — гаворыць Андрэй Максімчык. — Па яго словах, туды трэба засяляць беларусаў і ўкраінцаў, бо клімат у гэтых рэгіёнах вельмі падобны. У адрозненне, напрыклад, ад жыхароў расійскага Чарназем’я, нашы людзі на Каўказе хутка акліматызуюцца. Іншыя не могуць так лёгка прыстасавацца да вільготнага клімату.

Андрэй Мікалаевіч паказвае вельмі цікавыя выявы, на якіх адлюстраваны гістарычныя дакументы, падзеі, людзі. Маю ўвагу прыцягнуў фотаздымак трох статных каўказскіх мужчын. 

— Чалавек у белай папасе — гэта Аляксандр Сержпутоўскі, наш зямляк з вёскі Бялевічы Слуцкага павета, — тлумачыць Андрэй Мікалаевіч. — Этнограф і фалькларыст, ён даследаваў самыя аддаленыя раёны Дагестана. Адкрыў свету малыя народы: дзідойцаў, карацінцаў, багулалаў, бежцінцаў і іншых. Калекцыі, якія Сержпутоўскаму ўдалося заку­піць у мясцовых жыхароў (прадметы побыту, адзенне, зброя), сталі каштоўным здабыткам Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу. Яго спадчына — гэта яшчэ і падарожныя дзённікі, а таксама больш за 200 унікальных фотаздымкаў, зробленых у Дагестане, Абхазіі, Мегрэліі.

Многія таленавітыя беларусы — навукоўцы, інжынеры, творцы — жылі і працавалі на Каўказе. Здаецца, аддалены рэгіён, не звязаны з Беларуссю агульнымі межамі. Але Андрэй Максімчык паставіў задачу знайсці нітачкі, якія нас звязваюць, і яны знахо­дзяцца. Кожная паездка даследчыка ў архівы каўказскіх рэспублік адкрывае ўсё новыя заслоны.



А.Сержпутоўскі з дзідойскім наібам і перакладчыкам падчас экспедыцыі ў Дагестан, 1911 г.

Нашы сяляне на Чарнаморскім узбярэжжы

— Калі ёсць магчымасць, працую ў гістарычным архіве, праглядаю справы перасялення сялян з тэрыторыі Беларусі на Каўказ, — расказвае пра свае навуковыя інтарэсы Андрэй Мікалаевіч. — Вельмі папулярным месцам для перасяленцаў пачатку ХХ стагоддзя была Сочынская акруга Чарна­морскай губерні. Праўда, на той час гэта былі не тыя Сочы, што зараз, але ўсё роўна тэрыторыя вабіла вельмі мяккім кліматам і ўрадлівымі глебамі. На такім кантрасце нашы сяляне, асабліва з Магілёўскай губерні, дзе вельмі бедныя землі, ахвотна ехалі на Каўказ.

Пры гэтым да пытанняў перасялення падыходзілі вельмі прадумана. Даследчык расказвае, што, напрыклад, смаленскія сяляне нават пісалі ў перасяленчы камітэт на Каўказе, каб ім выслалі звесткі пра клімат.

— Бо што значыць пераехаць так далёка? Трэба было ўсё пра­даць тут. Па сутнасці, гэта быў білет у адзін канец. Таму папярэдне адпраўлялі хадакоў, якія ехалі, прыглядаліся, а потым вярталіся і расказвалі пра ўбачанае. У выніку сям’я ці некалькі сем’яў прымалі агульнае рашэнне: трэба перасяляцца! — расказвае Андрэй Максімчык.

Зрэшты, спецыяльны перасяленчы камітэт рэгуляваў рух мігрантаў, і не кожная сям’я магла прайсці адбор на Каўказ. Стаяла задача засяліць таксама Далёкі Усход, Сібір, Цэнтральную Азію. Перавагу аддавалі людзям, якія ўмеюць працаваць і маюць сродкі для існавання.

— Напрыклад, для перасялення на Каўказ трэба было мець 300 рублёў (вялізныя грошы на той час) і дастатковую колькасць працоўных рук у сям’і, — тлумачыць Андрэй Мікалае­віч. — Таксама патрабавалася абавязкова быць праваслаўнай веры. Улады хацелі ўмацаваць на Каўказе славянскі элемент, такім чынам разбавіць мясцовае насельніцтва і ўраўнаважыць складаны пагранічны рэгіён. Гэта лічылася важным з пункту гле­джання геапалітыкі.

Родныя песні ў гарах

— У канцы ХІХ стагоддзя беларускую мову на Каўказе называлі роднай 20 тысяч чалавек. Па перапісе 1926 года — ужо амаль 55 тысяч, — расказвае Андрэй Максімчык. — Але потым пайшлі працэсы асіміляцыі. Суседства з рускамоўным насельніцтвам, змешаныя шлюбы і іншыя ўплывы прывялі да таго, што колькасць беларускамоўных людзей і тых, хто лічыў сябе беларусам, пачала зніжацца. Магутны адток славянскага насельніцтва адбыўся на Каўказе з распадам СССР. Праз рост мясцовага нацыяналізму прадстаўнікі нятытульных народаў страцілі пачуццё бяспекі, і многія мусілі выехаць. Цяпер на Каўказе таксама ёсць беларускія суполкі, напрыклад, у Нальчыку, іншых паўночнакаўказскіх гарадах, але яны не такія значныя. Сёлета ў Расіі праходзіць перапіс насельніцтва, і будзе вельмі цікава прааналізаваць апошнія лічбы.

Адметна, што на Каўказе можна сустрэць беларускія назвы. Напрыклад, у Хасавюртаўскім раё­не Дагестана ёсць сёлы Петракоўскае, Пакроўскае, Магілёўскае.

— Вядома, што ў 1907 го­дзе ў сяло Магілёўскае пераехалі 57 мужчын і 57 жанчын. Новаму месцу, дзе пачалі будавацца, далі назву, адкуль паходзілі, — тлумачыць Андрэй Максімчык. — Нашы тапонімы сустракаюцца і ў іншых каўказскіх рэспубліках.

Дарэчы, у гэты рэгіён перасяляліся не толькі сяляне. Сюды ахвотна ехалі і выпускнікі ўніверсітэтаў. Ім прапаноўваліся пэўныя прэферэнцыі, давалася жыллё.



Беларускія перасяленцы ў Сочы. Канец XIX — пачатак ХХ ст.

— Напрыклад, выкладчык БДУ прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі на пэўны час перабраўся ў Баку, бо яму вельмі падабаўся мясцовы клімат. Працаваў там прарэктарам ва ўніверсітэце, — расказвае Андрэй Мікалаевіч. — На Каўказ ехалі і многія беларускія татары. Так, Амар Аліевіч Байрашэўскі з-пад Ваўкавыска спачатку апынуўся ў Баку, а пазней быў адным з заснавальнікаў Дагестанскага медыцынскага ўніверсітэта.

Нядаўна даследчыкі выявілі вельмі цікавы фонд у Грузіі, дагэтуль невядомы нашай айчыннай навуцы. Гаворка пра Каўказскую краявую беларускую раду.

— Гэта орган беларусаў, якія згуртаваліся ва ўмовах заканчэння Першай суветнай вайны, каб дапамагчы суайчыннікам, што апынуліся далёка ад Радзімы, — тлумачыць Андрэй Мікалаевіч. — Юрыдычна адстойваліся правы беларусаў пры новай уладзе на Каўказе, вырашаліся пытанні іх адпраўкі дадому.

Бліжэй, чым здаецца

Андрэй Максімчык раскапаў ужо сотні беларуска-каўказскіх паралелей і сувязей. І яму як выкладчыку вельмі хочацца перадаваць свае веды далей. Сёння даследчык чытае курс “Выхадцы з Беларусі ў гісторыі і культуры Каўказскага рэгіёна”. Ім жа распрацаваны курс “Каўказскі напрамак міграцыйнай актыўнасці беларускага насельніцтва” для сумеснай магістратуры БДУ — МДУ, якая факусіруецца на праблеме беларускай дыяспары. 

— Я хачу сфарміраваць каманду і аддаць частку здабытага матэрыялу для далейшай распрацоўкі, бо ў гістарычнай навуцы гэта белая пляма, — дзеліцца планамі Андрэй Мікалаевіч. — Цяжка быць першапраходцам, калі няма папярэднікаў. Спадзяюся, тым, хто пойдзе за мной, будзе лягчэй і яшчэ цікавей.

Дарэчы, не толькі беларусы пакінулі значны след на Каўказе, але і ўраджэнцы Каўказа шмат зрабілі для нашага народа. Так, Андрэй Максімчык даўно і вельмі шчыльна займаецца тэмай “Армяне ў Беларусі”.

— Гэта вялікі здабытак для нашай краіны, — гаворыць даследчык. — Я магу назваць дзясяткі імёнаў выбітных інжынераў, навукоўцаў, будаўнікоў, дзеячаў культуры, якія стваралі нацыянальнае багацце беларусаў. Напрыклад, дырэктар МАЗа Рыгор Марціросаў, які развіваў завод і нават распрацаваў для яго эмблему — знакамітага зубра. Або першы дырэктар Беларускага металургічнага завода Дзеражант Акопаў. І многія-многія іншыя. Зараз мы сумесна з армянскай дыяспарай рыхтуем энцыклапедыю “Армяне ў Беларусі”, дзе адлюструем плён іх дзейнасці.

Такія ж сувязі ёсць у беларусаў з грузінамі, азербайджанцамі, прадстаўнікамі паўночнакаўказскіх рэспублік. І тут бачыцца велізарны патэнцыял, на якім трэба выбудоўваць аснову для палітычнага, эканамічнага, культурнага супрацоўніцтва.

— Так, у 1991 годзе мы з гэтымі краінамі ўстанавілі дыпламатычныя адносіны, — гаво­рыць Андрэй Максімчык. — Але насамрэч нашы сувязі ідуць каранямі ў ХV—ХVІ стагоддзі ці нават раней. Мы можам гэта даказаць і далей збліжаць нашы народы. У нас вельмі дастойныя людзі, якія надзвычай шмат зрабілі для краін, што сталі для іх новай ра­дзімай.

Галіна СІДАРОВІЧ
Фота з архіва Андрэя Максімчыка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий