“Вельмі важна, асабліва напярэдадні Каляд, рабіць добрыя ўчынкі, напаўняць свае сэрцы светам, дабрынёй, клопатам пра хворых, адзінокіх аднавяскоўцаў,” – так думаюць вучні 6-га класа Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна, якія ў рамках акцыі “Цуды на Каляды” наведалі жыхарку вёскі Нача Альфрэду Дамінікаўну Адамоніс.
Дзеці прынеслі бабулі салодкія пачастункі, прыбралі і падарылі невялічкую елачку. Дамінікаўна (так называюць у вёсцы нашу гераіню) да слёз расчулілася, але вельмі абрадавалася прыходу дзяцей. Яна расказала, што нядаўна пахавала мужа і адзінага сына і зараз жыве адна, што ўсё жыццё працавала прыбіральшчыцай у дзіцячым садку, дапамагала выхоўваць не адно пакаленне і ганарыцца тым, што большасць дарослых жыхароў вёскі – яе выхаванцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі бабулю, задавалі пытанні, цікавіліся, ці хадзілі да яе ў садзік іх таты і мамы, якімі яны былі ў дзяцінстве.
Затым дзеці дапамаглі бабулі па гаспадарцы: прынеслі дроў, брыкету, вады, пачысцілі на падворку снег. Усе засталіся задаволеныя: бабуля ад сустрэчы з дзецьмі, дзеці – ад таго, што зрабілі добрую справу.
Лічу, што такі від выхаваўчай дзейнасці спрыяе фарміраванню ў падрастаючага пакалення пачуцця дабрыні, міласэрнасці, абавязку, клопату.
Ірына УРУБЛЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 6-га класа
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна