Матэматыка стала для яе надзейным сябрам на ўсё жыццё

- 13:16Персона

Людміла Саванец працуе ў Раклевіцкім дзіцячым садзе – базавай школе Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Нягледзячы на свае 70 гадоў крочыць у нагу з часам, актыўна асвойвае новыя тэхналогіі, вучыць школьнікаў і калег-настаўнікаў. Яе энтузіязму, любові да жыцця, актыўнай настаўніцкай пазіцыі можна толькі пазайздросціць.

Людмілу Васільеўну Саванец на Дзятлаўшчыне ведаюць усе. І не толькі настаўнікі, але і грамадскасць раёна, бацькі ды і проста гараджане. Ведаюць як шчырага чалавека, які гатовы ў любы час, днём і ноччу, прыйсці на дапамогу; як прафесіянала, да якога можна звярнуцца з любым цяжкім пытаннем ці то па методыцы выкладання прадмета, ці то па вядзенні школьнай дакументацыі, а зараз і па прыёмах выкарыстання камп’ютарных тэхналогій. Бо гэта жанчына, нягледзячы на свае 70 гадоў крочыць у нагу з часам, актыўна асвойвае новыя тэхналогіі, вучыць школьнікаў і калег-настаўнікаў. Яе энтузіязму, любові да жыцця, актыўнай настаўніцкай пазіцыі можна толькі пазайздросціць.

Людміла Васільеўна працуе зараз у Раклевіцкім дзіцячым садзе – базавай школе Дзятлаўскага раёна. Дабіраецца кожны дзень да працы на школьным аўтобусе або з калегамі на машыне. Не было такога дня, каб яна спазнілася, прымусіла каго-небудзь чакаць сябе. Бывае, што і здароўе падводзіць, другая ўзяла б бальнічны ліст, але толькі не настаўніца матэматыкі. Яна заўсёды ў страі, таму што валодае незвычайнай працаздольнасцю і вялікай сілай волі, што дадзена ёй ад нараджэння. А яшчэ неймавернай адказнасцю. “Настаўнік старой загартоўкі”, – кажуць пра яе калегі. А я скажу так: ні старой, ні новай загартоўкі не бывае. Проста чалавек знайшоў сябе ў школе, у адукацыі, знайшоў сваё сапраўднае месца ў жыцці.

Працоўны шлях Людмілы Зенавай, маладой і прыгожай настаўніцы матэматыкі, пачаўся ў 1972 годзе, калі яна скончыла Гродзенскі педагагічны інстытут. Натхнёная, поўная сіл і жадання хутчэй сустрэцца са сваімі вучнямі, прыехала яна па размеркаванні ў Навасёлкаўскую сярэднюю школу Слонімскага раёна. Тут трапіла ў дружны, зладжаны калектыў, знайшла сяброў. Яе найлепшым сябрам і дарадцам стала заслужаная настаўніца Беларусі Соф’я Канстанцінаўна Радзевіч. Менавіта яна паставіла методыку, дапамагала ліквідаваць памылкі, вучыла прыёмам вядзення ўрока, падтрымкі дысцыпліны. На старэйшых сяброў Людміле шанцавала ўсё жыццё. Такім сябрам у роднай школе была для яе настаўніца матэматыкі Лідзія Лявонцьеўна Хомчык. Менавіта па шляху любімай настаўніцы вырашыла ісці Людміла ў выпускным класе. Настаўніцкая прафесія тады была вельмі прэстыжнай, многія хацелі вучыцца ў педагагічных вузах, але паступалі самыя моцныя, асабліва на факультэты, звязаныя з фізікай і матэматыкай.

Людміла Васільеўна працавала з натхненнем і жаданнем, бо па-другому не ўмела і не магла, таму маладую настаўніцу хутка заўважылі, запрасілі на пасаду настаўніка матэматыкі ў Казлоўшчынскае ПТВ Дзятлаўскага раёна. Працавала і ў школе рабочай моладзі. Пазней сям’я пераехала ў Дзятлава, і настаўніцу запрасілі працаваць інспектарам у раённы аддзел адукацыі. Курыравала ўсянавуч і дакладныя дысцыпліны.

Людміла Васільеўна лічыць, што тут ёй таксама пашанцавала: аддзел узначальваў мудры педагог, энтузіяст, прыхільнік усяго новага і перадавога ў педагогіцы Уладзімір Антонавіч Гаўрон. На пасадзе інспектара адпрацавала 24 гады. Калі пайшла на заслужаны адпачынак, канчаткова не адпусцілі, папрасілі застацца і вучыць маладых, перадаваць свой шматгадовы вопыт тым, што толькі паглыбляецца ў працу метадыста ці інспектара, бо справа гэта нашмат цяжэйшая, чым нават працаваць з дзецьмі ў класе. Ты вучыш дарослых людзей, часта са складаным характарам і сваімі прафесійнымі амбіцыямі. Але трэба абавязкова знайсці агульную мову, падтрымаць, накіраваць на правільны шлях, а галоўнае, “не адбіць” ад работы, не даць чалавеку схібіць і збегчы ад цяжкасцей.

За добрасумленную працу ў педагогіцы, прафесіяналізм і высокі метадычны ўзровень у 2007 годзе Л.В.Саванец была ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі РБ “Выдатнік адукацыі”.

Людміла Васільеўна – шчаслівая маці і бабуля. У яе два сыны і дачка, шасцёра ўнукаў. Яна падымала дзяцей адна, муж даўно памёр. Дала ўсім вышэйшую адукацыю, накіравала ў жыццё. Двое з яе дзяцей маюць вышэйшую педагагічную адукацыю, педагогамі працуюць дзве нявесткі: адна ў Гродне, другая ў Ашмянах. Ёсць спадзяванне, што настаўніцкую дынастыю працягнуць унукі.

У Людмілы Васільеўны шмат сяброў. Гэта і настаўнікі школ раёна, і калегі па працы ў аддзеле адукацыі, і суседзі. Яна чалавек гасцінны, шчыры, заўсёды рада кожнага прыняць у сваім доме, пачаставаць уласнымі кулінарнымі шэдэўрамі. Ганарыцца, што мае столькі блізкіх людзей.

У вольны час Людміла Васільеўна рашае складаныя алімпіядныя задачы, бо менавіта матэматыка стала яе надзейным сябрам на ўсё жыццё – сёлета педагагічны стаж настаўніцы склаў 50 гадоў. А яшчэ любіць глядзець інтэлектуальныя і спартыўныя перадачы, разгадваць сканворды, а часам і зайсці ў “Аднакласнікі”.

 

Жанна ЖЫХ,
настаўнік Раклевіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий